Чаму ўлады перадумалі змяняць выбарчы закон?



Палітолаг Сяргей Нікалюк патлумачыў, чаму ва ўладаў знікла жаданне ўдасканальваць выбарчае заканадаўства.

Як вядома, выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў прызначаны на 18 лютага 2018 года.

Нягледзячы на папярэднія дамоўленасці, улады праігнаравалі рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і праваабаронцаў па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства.

Сяргей Нікалюк: У свой час адзін псіхолаг і матэматык распавядаў пра наяўнасць дзвюх сістэм. У адной з іх мяжа паміж дабром і злом размытая. І суадносна там няма механізмаў узгаднення. І ёсць другая сістэма, дзе межы дакладныя, і там працуюць усе механізмы. У звязку з гэтым хачу прывесці просты прыклад з жыцця. Вялікага начальніка падазраюць у здзяйсненні злачынства. Як вызначыць, ці вінаваты ён?

РР: Накіраваць для разбіральніцтва адмысловую камісію….

Сяргей Нікалюк: Так, і калі начальнік не вінаваты, то ён будзе ўсяляк дапамагаць працаваць камісіі, каб даказаць сваю невінаватасць. Калі вінаваты, то рознымі метадамі гэты чалавек будзе ўстаўляць палкі ў колы сябрам камісіі. А зараз давайце паглядзім на беларускія выбары. Улады кажуць, што працэс дэмакратычны. Што трэба, каб у гэта паверылі? Усяляк садзейнічаць празрыстасці выбараў. І самае галоўнае, што сведчыць аб празрыстасці, – фарміраванне ўчастковых камісій. Але ж зайдзіце на сайт Цэнтрвыбаркама і паглядзіце, што за прадстаўнікі ў асноўным уваходзяць у гэтыя самыя камісіі. Таму ўлада і апазіцыя – гэта дзве розныя сістэмы. У іх розныя паняцці пра тое, што такое добра і што такое дрэнна. Выбары праходзяць ужо больш за дваццаць гадоў, а мы кажам пра адно і тое ж. Дэмакратычныя выбар – гэта вялізны набор характарыстык. Але ў Беларусі ёсць адна, якая перакрывае ўсе астатнія – гэта, як ужо казаў, фарміраванне выбарчых камісій. І пры сёняшнім падыходзе ўладаў да гэтага пытання, можна канстатаваць, што выбараў у краіне няма наогул. Пра якія змены ў выбарчым заканадаўстве ў такім выпадку можна казаць?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя