Чаму ўлады супраць справаздачы па змаганні з карупцыяй?



Былы дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Антончык, які ў свой час быў у складзе антыкарупцыйнай парламенцкай камісіі, распавядае, чаму беларускія ўлады не хочуць паказваць свае поспехі ў змаганні з карупцыяй.

Улады Беларусі ў чарговы раз не дазволілі антыкарупцыйнаму органу Савета Еўропы – Групе дзяржаў па змаганні з карупцыяй – друкаваць справаздачу аб барацьбе з карупцыяй у краіне. Чаму так адбываецца?

Сяргей Антончык: Рэч у тым, што ў Беларусі склалася сітуацыя, калі сама краіна як сістэма належыць пэўнай купцы людзей. І формы карупцыі тут феадальныя. У тым сэнсе, што ўлада можа кагосьці адправіць за краты, а некага вывесці з пракурорскага ці следчага кантролю, што недапушчальна ў сучасным свеце. Альбо чыноўнікам могуць раздаваць пад будаўніцтва зямлю, якая каштуе вялізныя грошы. Таму ў краіне карупцыя своеасаблівая, яна часам нават не хаваецца, а пераводзіцца ў нейкае спецыяльнае права. Захацеў феадал – даў зямлю, не захацеў – не даў.

РР: Але ж народу ўвесь час паказваюць факты змагання з карупцыйнай сістэмай.

Сяргей Антончык: Калі казаць пра ніжэйшыя звёны ўлады, то трэба разумець, што ніводны чыноўнік не можа ўдзельнічаць у вышэйшай сістэме. І ўверх па службовай лесвіцы імкнуцца тыя, хто хоча ў дадатак да кар’еры атрымаць і нейкія іншыя матэрыяльныя дывідэнды. Таму мне проста смешна, калі чую пра “ідэйных чыноўнікаў”, якія штодзень толькі і думаюць пра “служэнне народу”. Усе яны разумеюць, куды рухаецца эканоміка і краіна, але гуляюць па тых правілах, якія ім прапісалі.

РР: Чаму ўлады выступаюць супраць таго, каб на міжнародным узроўні друкавалася справаздача аб змаганні з карупцыяй?

Сяргей Антончык: Празрыстасць нікому не патрэбна, бо ў нас любяць паказваць толькі “кампаніі па змаганні”. А справаздача паказала сапраўдных карупцыянераў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя