Чаму Варшава адмовілася назіраць за вучэннямі АДКБ?



Польшча патлумачыла, чаму адмовілася назіраць за вучэннямі АДКБ у Беларусі. У польскім МЗС Белсату адказалі, што запрашэнне сапраўды прыходзіла, дыпламатычны корпус у Менску запрашалі назіраць за вучэннямі, але яго не ўспрынялі сур’ёзна. Цытата: «На фоне ўсіх правакацыйных беларускіх дзеянняў супраць Польшчы, якія ўплываюць на істотнае пагаршэнне сітуацыі ў рэгіёне (ініцыяваны міграцыйны прэсінг, няспынныя вучэнні на палігонах паблізу нашых межаў, прысутнасць наймітаў групы «Вагнер», непрыязныя выказванні Лукашэнкі, інфармацыя аб размяшчэнні ядзернай зброі), такога тыпу запрашэнні трэба трактаваць як прапагандысцкія дзеянні. Яны не спрыяюць павелічэнню ўзаемнага даверу ці рэальнай празрыстасці дзеянняў». Дадам, што вучэнні «Баявое братэрства — 2023» распачаліся 1 верасня і маюць трываць да 6-га. У іх бяруць удзел вайскоўцы дзяржаў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы: Беларусі, Расеі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана (армяне не прыехалі — Арменія дэкларуе намер выходзіць з АДКБ). Гэта першыя вайсковыя манеўры краін АДКБ на беларускай тэрыторыі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Беларускае Радыё Рацыя