Чаму “ваююць” Беларусь і Расея?



Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч лічыць, што галоўны ініцыятар канфліктаў – расейскі бок.

Нафтагазавая спрэчка паміж Расеяй і Беларуссю пакуль не вырашана, але сёння міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык аптымістычна заявіў, што “рашэнні па расейскім газе прыняты і ўзгоднены на палітычным узроўні”.

Алег Гайдукевіч: Калі будзе знойдзены кампраміс, то для народаў дзвюх краін гэта будзе добра. І альтэрнатывы таму, каб дамовіцца, я не бачу. Але, на мой погляд, сёння ўсё залежыць ад палітычных эліт Расеі. Таму што з пункту гледжання закона і нават чалавечых узаемаадносін усё на нашым баку. Будзем спадзявацца, што ў першую чаргу падумаюць над сваімі паводзінамі кіраўнікі буйных расейскіх карпарацый – “Газпрама” і астатніх. Калі яны свае інтарэсы і прыбыткі не будуць ставіць на першае месца, а будуць ставіць на першае месца доўгатэрміновыя ўзаемаадносіны, то ўсё будзе нармальна. Калі мы ствараем адзіную Саюзную дзяржаву, то павінны паступіцца нейкімі сваімі дробнымі крыўдамі і думаць, як гэты саюз зрабіць прывабным для простых людзей. А калі не будзе павелічэння заробкаў, пенсій і бізнес не будзе адчуваць, што яму стала лягчэй працаваць, то цяжка будзе нешта даказаць тым самым людзям пра прывабнасць саюза.

РР: Розныя нафтагазавыя, малочныя, мясныя “войны” паміж Расеяй і Беларуссю ідуць хвалямі, але з пастаяннай перыядычнасцю. Гэта ўжо стала нормай “брацкай інтэграцыі”?

Алег Гайдукевіч: Таму што, як ужо казаў, многія у Расеі думаюць не пра агульныя інтарэсы, а пра свае ўласныя.  І калі блакуюць на расейскі рынак беларускае малако, то гэта проста абсурд. Што, беларускае малако горшае за расейскае? Смех! Усё робіцца дзеля выгоды пэўных камерцыйных фірм у Расеі. А за кожным чыноўнікам у Расеі стаіць канкрэтная камерцыйная структура. А можа і не адна. Але і беларусам у такой сітуацыі трэба не толькі спадзявацца, што праблему вырашыць кіраўнік краіны, а тыя ж самыя дырэктары прадпрыемстваў самі павінны ў судовым парадку бараніць нацыянальныя інтарэсы і лічыць свае грошы. Трэба вучыцца. Напрыклад, у Расеі, калі падпісваюцца нейкія дакументы, якія датычацца Еўразійскага саюза, то з гэтымі дакументамі вельмі шчыльна працуе расейскі бізнес і прапісвае тое, што выгодна яму. А мы да гэтага яшчэ не дайшлі. Гандлёвыя войны – гэта эканоміка, якая накіравана на тое, каб нехта выйграў і пасля гэтага паклаў сабе грошы ў кішэню. Бо вялікіх палітычных рознагалоссяў паміж Расеяй і Беларуссю я не бачу. 

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя