Чаму выбары робяць амаль “стэрыльнымі” ад апазіцыі?



Старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч, якога не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты, распавёў пра тое, чаму ўлады робяць “зачыстку” кандыдатаў у дэпутаты.

Стала вядома, што ў Менску знялі з выбараў яшчэ аднаго кандыдата ў дэпутаты – прадстаўніцу ад АГП Вольгу Беляўцовы. Назіральнікі адзначаюць, што пазбаўленне рэгістрацыі прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці набыло ўжо масавы характар.

Юрась Губарэвіч: Усё ідзе да паступовай “стэрылізацыі” выбараў. Думаю, улада наогул зацікаўлена, каб нікога з альтэрнатыўных кандыдатаў не было б на участках, і ў такім выпадку споўнілася б мара тых, хто выступаў за байкот.

Гэта ідэальная сітуцыя для ўладаў, калі не трэба маніпуляваць вынікамі выбараў, бо наяўнасць нейкай умоўнай канкурэнцыі можна стварыць і штучна праз вылучэнне 2-3 “сваіх” прадстаўнікоў ад працоўных калектываў альбо ад падкантрольных партый.

РР: Мяркуеце, што наяўнасць моцнага апазіцыйнага кандыдата ў акрузе – гэта праблема для ўлады?

Юрась Губарэвіч: У пэўным сэнсе так, бо людзі, якія прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, вялікую колькасць галасоў аддадуць менавіта за такіх кандыдатаў. І тут ужо не зробіш прыгожую карцінку для міжнародных назіральнікаў.

Давядзецца ўсё роўна маніпуляваць з бюлетэнямі і затым нейкім чынам даказваць тым самым назіральнікам, што насамрэч выбары былі празрыстымі. Таму прасцей “зачысціць” моцных кандыдатаў зараней і паэтапна. Кагосьці не дапусціць да рэгістрацыі, а некага зняць з выбараў падчас агітацыі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя