Чаму зацягваецца ўвядзенне малога памежнага руху з Польшчай і Літвой?



Прымежная інфраструктура ўсё яшчэ не адпавядае неабходным патрабаванням для ўвядзення малога памежнага руху Беларусі з Польшчай і Літвой. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз 6 верасня на брыфінгу ў Менску.

„Адным з ключавых момантаў, які неабходна вырашыць да таго, як набудуць моц раней падпісаныя дамовы аб малым памежным руху, з`яўляецца гатоўнасць прымежнай інфраструктуры да прагназаванага значнага павелічэння пасажырапатоку, — сказаў ён. — На жаль, нягледзячы на прынятыя намаганні, на сённяшні дзень інфраструктура не адпавядае тым патрабаванням, якія неабходныя для ўвядзення малога памежнага руху”.

Акрамя таго, адзначыў ён, неабходна, асабліва апошнім часам, улічваць і факты „нерытмічнага ажыццяўлення пагранічнага кантролю ў пунктах пропуску з боку Польшчы і Літвы, што ў значнай ступені ўплывае на ўзнікненне чэргаў на мяжы”. „Гэта таксама пытанне, якое трэба вырашаць. І яго рашэнне залежыць ад нашых партнёраў”, — сказаў Глаз.

Нагадаем, пагадненні аб малым памежным руху насельніцтва з Латвіяй, Літвой і Польшчай Беларусь падпісала яшчэ ў 2010 годзе. Пакуль дзейнічае толькі беларуска-латвійскае пагадненне, якое ўвайшло ў сілу 1 лютага 2012 года. Польшча і Літва ўсё яшчэ чакаюць ад беларускага боку апавяшчэнняў аб завяршэнні ўсіх неабходных працэдур. Польшча ратыфікавала дакумент у тым жа 2010 годзе, Літва — у 2011 годзе.

У лістападзе 2015 года Леанiд Мальцаў, які займаў тады пасаду старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, заявіў, што малы памежны рух Беларусі з Літвой і Польшчай запрацуе пасля стварэння неабходнай памежнай інфраструктуры.

belapan.by

Фота dw.com