Чаму ЗША працягнулі санкцыі ў дачыненні да Беларусі?



Палітолаг Андрэй Фёдараў патлумачыў, чаму амерыканцы працягнулі санкцыі да ўладаў Беларусі, а таксама, ці варта чакаць іх зняцця.

Як вядома, прэзідэнт ЗША Барак Абама працягнуў яшчэ на год санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Пасланне Абамы Кангрэсу ЗША пра тое, што санкцыі падаўжаюцца пасля 16 чэрвеня 2016 года, размешчана на афіцыйным сайце Белага дома.

Андрэй Фёдараў: Амерыканскія ўлады мяркуюць, што рана здымаць санкцыі, таму што не ўсе пастаўленыя мэты дасягнуты. Пазітыў маецца, але яшчэ ёсць да чаго імкнуцца.

РР: Гэтае рашэнне – наколькі балючы ўдар па афіцыйнаму Менску?

Андрэй Фёдараў: Скажам так, гэта больш непрыемнае ў маральным плане рашэнне, бо санкцыі персанальныя. Яны забараняюць некаторым асобам уезд у ЗША, накіраваны на магчымасць блакавання рахункаў, калі такія знойдуць. Хаця, на мой погляд, другое – гэта наогул амаль нерэальна. Так што працягненне санкцый непрыемнае, але не смяротнае для беларускіх уладаў. У іх зараз куды большыя праблемы.

РР: Ад чаго найперш будзе залежыць поўнае зняцце санкцый?

Андрэй Фёдараў: Ад дзеянняў афіцыйнага Менска. Калі пачнуцца рэальныя зрухі ў галіне правоў чалавека, то знікнуць і санкцыі. Праўда, можа скласціся сітуацыя, калі ад Менска наогул мала што будзе залежыць. Калі абвастрыцца супрацьстаянне паміж Захадам і Усходам, і пачнецца новая халодная вайна. Цяжка ўявіць, як беларускае кіраўніцтва ў такой сітуацыі зможа выкруціцца з брацкіх абдымак Масквы, каб не заняць пазіцыю “плячом да пляча”. Калі ж гэта адбудзецца, то, на мой погляд, аб зняцці санкцый нават і размовы быць не можа.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота EPA/UPG