Чарговае абвастрэнне беларуска-расейскіх стасункаў
Апошнія эканамічныя пагрозы Расеі ў бок Беларусі і заявы Аляксандра Лукашэнкі аб „варварскіх адносінах” Расеі да Беларусі паказваюць, што Крэмль істотна павялічыў ціск на Беларусь.
Па словах намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, гэта можа прывесці да зменаў ва ўнутранай і знешняй палітыцы краіны. У чарговы раз, напярэдадні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Беларусі, Расея пачынае закручваць эканамічныя кранікі, кажа палітык:
– Эканамічная сістэма, якая пабудавана Аляксандрам Лукашэнкам, яна залежная ад Расеі на сто адсоткаў – гэта была велічэзная памылка. Ён сам расплачваецца за ўласныя дзеянні. Натуральна, калі ў Расеі хопіць рэсурсаў, яна будзе бачыць, што Аляксандр Лукашэнка не кантралюе сітуацыю на сто адсоткаў, я думаю, яны будуць разглядаць варыянт ягонай замены. Альбо, калі ўсё ж такі пабачаць, што сядзіць ён цвёрда і ўсё яшчэ трымае сітуацыю пад сваім кантролем, тады прынамсі будуць дамагацца ад яго значных палітычных і эканамічных саступак.
“Такіх, як размяшчэнне расейскіх вайсковых базаў, уваходжанне ў адзіную візавую прастору, прыватызацыя найбольш прыбытковых беларускіх прадпрыемстваў, — гэта даўно муляе вока Крамлю і блізкім да яго алігархам. Але ад гэтага залежыць эканамічная незалежнасць краіны”, — дадае Аляксей Янукевіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск