Чарговая гучная крымінальная справа ў Беларусі
У Беларусі пачата чарговая гучная крымінальная справа. Савет Рэспублікі даў згоду на крымінальны пераслед сенатара, дырэктаркі Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганны Шарэйкі. Гэта суправаджаецца заявамі кіраўніка краіны пра жорсткае змаганне з карупцыяй і патрабаваннямі новых арыштаў.
Паводле экс-кіраўніка Вярхоўнага Савету 12 склікання Мечыслава Грыба, у сувязі з падзеямі ва Украіне і прэзідэнцкімі выбарамі ў наступным годзе тэма карупцыі зноў атрымала актуальнасць для Лукашэнкі:
– Усе 20 гадоў змагання за электарат усюды выкарыстоўваліся гэтыя падыходы – змаганне з карупцыяй. Бо па сваім менталітэце беларусы не любяць карупцыянераў, не любяць тых людзей, якія іх абкрадваюць. І гэта зразумела, гэта правільна. І гэта вельмі шырока выкарыстоўваецца сённяшняй уладай.
Аднак рэпрэсіўныя намаганні ўлады не прывядуць да поспеху, бо існая сістэма ў Беларусі мае шмат хібаў, якія спрыяюць карупцыі, дадае наш суразмоўца. Адна з галоўных праблемаў – гэта закрытасць, адарванасць уладнай сістэмы ад грамадства.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота lioznonews.by