Чарговая хваля ціску на палітвязня Міколу Статкевіча



Жонка палітычнага вязня Міколы Статкевіча – Марына Адамовіч – расказала пра чарговае пагаршэнне ўмоваў утрымання мужа ў Магілёўскай калоніі. У яго ізноў з’явіліся праблемы з атрыманнем газет і лістоў, асабліва калі яны не ад сваякоў. Па словах Марыны Адамовіч, у яе мужа амаль няма магчымасці нармальнага шпацыру і яго сцерагуць ахоўнікі з сабакамі.

-Гэта вельмі балючыя падрабязнасці, калі ўспомніць, што Мікола са снежня 2011 года па-сутнасці не разу не хадзіў па зямлі і не бачыў дрэвы, траву. Вось гэта сапраўды страшна. Яны зразумелі вельмі даўно, што Мікола не паддаецца на розныя спосабы ўздзеяння, а праблема з ліставаннем – гэта адная з першых праблем, з якой яны пачалі яго выпрабоўваць.

Прысуджаны да шасці гадоў турэмнага зняволення нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікола Статкевіч ніколі не прызнаваў сваёй віны. Ён таксама не паддаўся ні на якія ціск і пагрозы і адмаўляецца пісаць прашэнне аб памілаванні.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя

Фота palitviazni.info