Чарговая скарга накіраваная ў ААН у Камісію па правах чалавека
Гомельскія праваабаронцы з “Цэнтра стратэгічнай цяжбы” накіравалі зварот да Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытаннях аб палажэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.
У паведамленні праваабаронцаў прыводзіцца прыклад забароны мірных шэсцяў супраць так званага “дармаедскага дэкрэту” ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці. Заяўніца шэсцяў Марыя Тарасенка лічыць, што праціўнікам Дэкрэта “Аб дармаедах” трэба абавязкова імкнуцца дакументаваць парушэнні правоў грамадзян.
– Мы падпісваем міжнародныя пагадненні, той самы Міжнародны пакт пра грамадзянскія і палітычныя правы. У якім выразна напісана, што калі вы падпісваеце міжнароднае пагадненне, то вы сваё нацыянальнае заканадаўства павінны неяк узгадніць. І нашыя суддзі першы раз чуюць, напрыклад, калі я ім зачытваю артыкул 19-ы 21-га Міжнароднага пакта пра грамадзянскія і палітычныя правы. У іх такое здзіўленне на тварах. У іх ёсць закон пра масавыя мерапрыемствы, дзе больш забаронаў, чым дазволаў.
Марыя Тарасенка – гамяльчанка, якая з дапамогай праваабаронцы Леаніда Судаленкі спрабавала ў судовым парадку давесці незаконны і дыскрымінацыйны характар прэзідэнцкага Дэкрэта “Аб садзеянні занятасці насельніцтву”, які прадугледжвае санкцыі ў дачыненні да беспрацоўных уласнікаў жылля. Калі суды ў Гомелі не далі плёну, яна паспрабавала дабіцца правядзення масавых акцый ва ўсіх раёнах вобласці. Пасля адмовы мясцовых выканкамаў актывістка звярнулася ва ўсе раённыя суды Гомельскай вобласці, але і там не дабілася справядлівасці.
Беларускае Радыё Рацыя