Чарговы кангрэс за незалежнасць Беларусі пройдзе ў лютым 2020 года
Чарговы кангрэс за незалежнасць Беларусі пройдзе ў лютым 2020 года, паведаміла БелаПАН старшыня грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ), экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
Адпаведнае рашэнне было прынятае 13 снежня на пасяджэнні рады кангрэса.
„Папярэдняя дата правядзення ў прамежку 16—23 лютага. Канкрэтную дату мы вызначым на наступным пасяджэнні савета 23 снежня”, — сказала Анісім.
„Мы таксама вырашылі, што трэба прыцягваць да працы прадстаўнікоў палітычных партый. Таму на наступнае пасяджэнне савета будзем запрашаць прадстаўнікоў партый, грамадскіх кампаній, ініцыятыў”, — адзначыла яна.
Першая сесія кангрэса за незалежнасць Беларусі прайшла 21 снежня 2014 года. У ёй прынялі ўдзел каля 100 прадстаўнікоў ТБМ, Рады беларускай інтэлігенцыі, Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і некаторых іншых арганізацый. Быў прыняты маніфест у падтрымку незалежнасці. У ім, у прыватнасці, падкрэслівалася, што дамова аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза нясе новую пагрозу незалежнасці Беларусі, бо шэраг яе палажэнняў супярэчаць агульнапрызнаным нормам міжнароднага права, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і Канстытуцыі Беларусі.
Другая сесія кангрэса адбылася 7 чэрвеня 2015 года, за тры месяцы да прэзідэнцкіх выбараў, пры ўдзеле прыкладна 30 прадстаўнікоў палітычных сіл і грамадскіх рухаў. Грамадска-палітычны форум быў ініцыяваны ТБМ і Радай беларускай інтэлігенцыі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел актывісты Партыі БНФ, руху „За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Удзельнікі форуму абмеркавалі палітычную сітуацыю ў свеце і краіне.
belapan.by