Нядзельны Марш Гонару ў Менску (абноўлена)



Больш за 100 тысяч дэманстрантаў зноў выйшлі на вуліцы Менску, нягледзячы на абложны дождж. Служыцелі дыктатуры абралі ў гэты дзень жорсткую тактыку: яшчэ да пачатку Маршу адбыліся напады на патэнцыйных удзельнікаў, прычым затрыманні і збіванні вялі карнікі без апазнавальных знакаў у чорнай і аліўкавай форме, а таксама ў джынсах, але з дубінкамі і ружжамі.

Сілавыя структуры Лукашэнкі чарговы раз спрычыніліся да адключэння мабільнага інтэрнэту і да разгону пратэстоўцаў. Многіх людзей жорстка збівалі ў аўтазаках і ў пастарунках, ёсць шпіталізаваныя. Ёсьць фота- і відэасведанні парушэння законаў сілавікамі, часта без апазнавальных знакаў.

Экс-кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі, якая паводле многіх сведчанняў перамагла на выбарах 9 жніўня, Сьвятлана Ціханоўская пракаментавала бясчынствы з боку сілавікоў: „Я ня сплю, як і ўсе беларусы цяпер. Сотні затрыманых, масавыя збіцці, кроў — гэта адзіны адказ, на які яны здольныя. За два месяцы мы заплацілі за сваю свабоду вельмі страшную цану. Але нас — больш, і мы даможамся свайго. Вы самі ведаеце, што рабіць”, – сказала Сьвятлана Ціханоўская. Затрыманых за падзеі нядзелі больш за 500 чалавек, у тым ліку дзясяткі журналістаў. Дзень у гарадах таксама завяршыўся супрацьстаяннем акцыямі. У менскіх раёнах Серабранка, Малінаўка і Каменная Горка нават узводзіліся барыкады, быў перакрыты рух. Некалькі людзей былі параненыя гумовымі кулямі, некаторыя затрыманыя.

***

Марш Гонару ў Менску завяршыўся, ён быў адзначаны чарговымі жорсткімі затрыманнямі. У сталіцы і іншых гарадах краіны былі затрыманыя соткі чалавек, у тым ліку не менш 43 журналістаў.

18.40 Калоны тэхнікі едуць з цэнтра ў бок Уручча. 

18.05  Побач з метро «Пушкінская» затрыманы галоўны рэдактар „Нашай Нівы” Ягор Марціновіч і фатограф Надзея Бужан.

17.40  Ля станцыі метро „Пушкінская” жорсткая сутычка дэманстрантаў і АМАПу. Пасля таго, як сілавікі затрымалі некалькіх людзей і пачалі біць як мінімум аднаго чалавека дубінкамі, у іх бок паляцелі прадметы (дакладна ідэнтыфікаваць мы можам толькі бутэлькі), таксама дэманстранты палезлі на АМАП з кулакамі. У выніку людзі ў шлемах і балаклавах пагрузіліся ў свой мікрааўтобус і з’ехалі.

17.30  У раёне станцыі метро „Пушкінская” быў чутны вельмі гучны выбух, відавочцы мяркуюць, што кінулі светлашумавую гранату.

17:20  На Кальварыйскай ад Каскада да могілак адбываюцца кропкавыя сутычкі і затрыманні. Аўтамабілісты марудзяць рух, каб не даць праехаць сілавікам.

17.09 Калона людзей прайшла з боку В. Харужай да Палаца дзяцей і моладзі і да расейскім амбасады, за імі паехала шмат аўтазакаў з вадамётам. Пачаліся затрыманні.

16.40  Удзельнікі маршу спусціліся з моста на вуліцы Кальварыйскай, калона рушыла ў бок Пушкінскай. Да іх далучылася яшчэ адна калона з вуліцы Ціміразева.

16.15  Відэа жорсткіх затрыманняў на Машэрава. Спачатку па людзях адпрацавалі вадамёты, а пасля людзі ў шлемах і балаклавах пачалі актыўна біць пратэстуючых дубінкамі.

15.54   На скрыжаванні Нямігі і Раманаўскай Слабады вадамёт працаваў па людзях.

15.40  Па Машэрава сілавікі выстаўляюць ачапленне, стаяць машыны з агароджай «Рубеж», вадамёт, сілавікі са шчытамі. Працуе вадамёт, людзей адціскаюць па Машэрава ў бок «Каскаду».

15.23   Па Старажоўскай, па баку, дзе знаходзіцца «дом Чыжа», калона з больш за тысячу чалавек рухаецца ў бок Траецкага прадмесця.

15:15  Дэманстранты перакрылі праспект Пераможцаў у раёне гасцініцы «Юбілейная», рухаюцца ў бок цэнтра.

14.55  Каля стэлы некалькі сотняў чалавек. Тут былі сутычкі з сілавікамі, у выніку якіх дзясяткі людзей былі затрыманыя.

14.48  Відавочцы паведамляюць аб выбуху каля стэлы адной светлашумавой гранаты. Некалькі супрацоўнікаў ужылі газ з балончыкаў.

Фота onliner.by

14:35 Фотакарэспандэнт «Анлайнера» Аляксандра Ружачка даслаў паведамленне «забралі». Карэспандэнты Аляксандр Уладыка і Аляксей Носаў, якія працавалі разам з ім, не выходзяць на сувязь.

Журналісты недзяржаўных СМІ па-ранейшаму знаходзяцца ў Кастрычніцкім РУУС, дзе ў іх, як сцвярджае прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч, „правяраюць дакументы”. Варта адзначыць, што ўсе затрыманыя журналісты маюць пры сабе пасведчанні і добра вядомыя сталічнай міліцыі.

14.25  Да стэлы сыходзіцца ўсё больш людзей, нягледзячы на жорсткія затрыманні на Пераможцаў, каля Палаца спорту.

У Менску каля гандлёвага цэнтра „Галерэя” на праспекце Пераможцаў затрыманая група журналістаў.

Сярод затрыманых — супрацоўнікі БелаПАН Таццяна Каравянкова, Сяргей Сацюк і Алена Талкачова; супрацоўнікі расейскага інфармагенцтва ТАСС Гаўрыіл Грыгор’еў, Валерый Сцепчанкаў, Наталля Фядосенка і Юрый Шамшур; Дзмітрый Дзмітрыеў — фотакарэспандэнт газеты „Новы час”, а таксама журналісты Анастасія Бойка, Аляксей Івашкевіч і Дзмітрый Міцкевіч.

У ліку затрыманых таксама фотакарэспандэнты дзяржаўнага агенцтва БелТА Андрэй Пакумейка і Аксана Манчук.

Журналістаў вязуць у Кастрычніцкае РУУС. Як заявіла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч, супрацоўнікі СМІ „не затрыманыя, а дастаўлены ў РУУС для праверкі дакументаў”.

 Супрацоўнікі расейскага інфармагенцтва ТАСС Гаўрыіл Грыгор’еў, Валерый Сцепчанкаў і Наталля Фядосенка адпушчаныя з міліцыі пасля праверкі дакументаў, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

14.24  Бусы пачалі заязджаць у двары дамоў каля стэлы, людзі разбягаюцца.

13:59 У Менску зноў знік мабільны інтэрнет.

Сёння ў Менску і іншых гарадах Беларусі плануецца традыцыйная нядзельная акцыя прыхільнікаў перамен — Марш гонару. Гэта будзе ўжо дзявяты нядзельны марш пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Людзі па ўсёй краіне патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзення новых сумленных выбараў, вызвалення палітвязняў, а таксама адказнасці за збіццё і катаванне мірных дэманстрантаў.

13.40  Каля кінатэатра Масква пачаліся першыя затрыманні. Да мужчыны, які ехаў на ровары, падбеглі амапаўцы, сапхнулі яго з ровара і затрымалі. Яго адвялі ў мікрааўтобус, ровар аднеслі туды ж. Затрыманыя журналісты БелаПАН, «Новага Часу», ТАСС. Іх вязуць у Кастрычніцкі РУУС «для праверкі дакументаў», паведамляе tut.by. Затрыманыя журналісты Сяргей Сацюк, Таццяна Каравянкова, Юрый Шамшур і Алена Талкачова, Дзмітрый Дзмітрыеў, Наста Бойка, Аляксей Івашкевіч, Зміцер Міцкевіч.

13.30  Станцыі метро «Купалаўская», «Кастрычніцкая», «Няміга», «Плошча Перамогі» зачыненыя.

13:20   Каля «Галерэі» затрымалі фотакарэспандэнта Наталлю Фядосенка. Таксама каля «Галерэі» затрымалі журналістаў ТАСС Гаврыіла Грыгарава і Валерыя Сцепчанкава.

12:55 На праспекце Пераможцаў у раёне вуліцы Ігнаценкі перакрылі рух у бок Палаца Незалежнасці. Аўтобусы і маршруткі пакуль пускаюць

Фота nashaniva.by

12:31 На Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасці каля Дома ўрада з’явіліся агароджы.

Фота onliner.by

Стэлу на Пераможцаў ужо абгарадзілі.

Фота tut.by

У Менск з самай раніцы сцягваюць ваенную тэхніку. Вось як «віталі» аўтааматары на Ціміразева калону з сілавікамі і спецтэхнікай.

Беларускае Радыё Рацыя