У Польшчы зрабілі змены ў Выбарчым кодэксе
Сейм краіны ўноч на 28 сакавіка ўнёс змены ў Выбарчы кодэкс. Дэпутаты працавалі ўсю ноч у розных залях, многія ў пальчатках і медыцынскіх масках. Раней яны прынялі змены, якія дазваляюць галасаваць дыстанцыйна, з чаго многія пад раніцу і скарысталіся.
Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы маюць прайсці 10 траўня, улады супраць пераносу тэрміну іх правядзення. Змены, прынятыя Сеймам, дазваляюць галасаваць дыстанцыйна людзям, старэйшым за 60 гадоў, і тым, хто знаходзіцца на каранціне. Але дыстанцыйна нельга будзе галасаваць палякам за мяжой і на марскіх суднах.
Супраць гэтых змен галасавала апазіцыя, паводле якой правядзенне выбараў у сітуацыі з каронавірусам – злачынна. Аднак у Сейме большасць галасоў мае кіроўная партыя “Права і Справядлівасць”, таму папраўкі былі прынятыя.
Таксама Сейм прыняў антыкрызісны план у сувязі з каронавірусам. Задача плану – змякчыць негатыўныя наступствы пандэміі для эканомікі Польшчы: дапамагчы людзям захаваць працоўныя месцы, падтрымаць ахову здароўя і фінансавую сістэму, падтрымаць прадпрымальнікаў і дзяржаўныя інвестыцыі.
Беларускае Радыё Рацыя