Чарговыя вулічныя акцыі плануюцца ў Менску 20-21 снежня
Апазіцыя плануе правесці 20 снежня ў цэнтры Менска чарговую акцыю супраць інтэграцыі з Расеяй, заяўлена 16 снежня на прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў кампаніі „Абаронім незалежнасць”.
У аргкамітэт акцыі ўвайшлі прадстаўнікі 15 арганізацый — палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і рухаў.
Як паведаміў сустаршыня аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, плануецца мітынг, а потым шэсце па цэнтры горада агульнай працягласцю прыблізна дзве гадзіны. Завяршыць акцыю прапануецца жывым ланцугом. Паводле слоў Севярынца, гэта план „А”. Калі ж доступ на Кастрычніцкую плошчу будзе абмежаваны, прадугледжаны іншы план, казаць пра які палітык не стаў.
Севярынец заўважыў, што 17 снежня прадстаўнікі кампаніі „Абаронім незалежнасць” плануюць інфармаваць Мінгарвыканкам аб намеры правесці акцыю ў абарону незалежнасці. „Магчымасці падаць заяўку ў нас не было, бо нам стала вядома аб тым, што сустрэча (прэзідэнтаў Расіі і Беларусі. — БелаПАН.) толькі ўвечары 7 снежня”, — растлумачыў ён.
„Мы апішам усё, што будзем рабіць, мы адкрытыя. Магчыма, нават атрымаецца паразмаўляць з кіраўніцтвам выканкама ці міліцыі. Мы лічым, што гэта мірная акцыя, мы не рыхтуем ніякіх гвалтоўных дзеянняў, гэта мірныя пратэсты, якія былі 7 і 8 снежня. Для таго каб не было ніякага непаразумення. Я думаю, што сама міліцыя і Мінгарвыканкам павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб абмеркаваць гэта ўсё. Але бегаць за імі мы не будзем. Апавяшчэнне дадзім — калі будзе запрашэнне, будзем размаўляць”, — сказаў Севярынец.
Ён таксама паведаміў, што на гэты момант яму вядома як мінімум пра 15 удзельнікаў акцый 7 і 8 снежня, у дачыненні да якіх складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.
Яшчэ адзін мітынг у цэнтры Менска — 21 снежня — анансаваў на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Юрый Беленькі.
Ён нагадаў пра артыкулы Канстытуцыі, якія прадугледжваюць абарону незалежнасці, і падкрэсліў: акцыі 20 і 21 снежня — гэта канстытуцыйная нагода для збору людзей. „Мы лічым, што людзі, якія прыйдуць 20 снежня, прыйдуць і 21-га, а таксама далучацца тыя людзі з рэгіёнаў, якія не змаглі 20-га, бо гэта працоўны дзень. Ідэя мітынгу толькі адна: сабрацца разам, заявіць, што мы беларусы, мы за незалежнасць, не жадаем інтэграцыі. Кароткі мітынг, не больш як дзве гадзіны, без шэсцяў, дэманстрацыя салідарнай пазіцыі за незалежнасць”, — сказаў Беленькі.
Правесці ў Менску вулічную акцыю 20 снежня плануюць і прыхільнікі інтэграцыі з Расеяй. Як паведаміў БелаПАН на мінулым тыдні экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Драко, яны накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот з просьбай дазволіць мітынг у тым жа месцы, дзе маюць намер сабрацца праціўнікі інтэграцыі. Калі адміністрацыя не дасць дазвол, акцыя праводзіцца не будзе, дадаў Драко.
Акцыі супраць так званай паглыбленай інтэграцыі з РФ прайшлі ў Менску 7 і 8 снежня і былі прымеркаваныя да перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна 7 снежня ў Сочы. Меркавалася, што паводле вынікаў сустрэчы прэзідэнты падпішуць пакет інтэграцыйных дакументаў, змест якіх грамадскасці невядомы. Аднак шматгадзінныя перамовы не прынеслі выніку, і бакі дамовіліся аб сустрэчы 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу.
Выступаючы 13 снежня ў Менску перад студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх ВНУ, Лукашэнка не выключыў, што анансаваныя перамовы з Пуціным „па балючых пытаннях” будуць не апошнімі сёлета.
belapan.by