Чарнагорыя стала 29-м сябрам НАТА
У рамках цырымоніі, якая прайшла ў Вашынгтоне, кіраўнік МЗС Чарнагорыі Серджан Дарманавіч перадаў пратакол аб уступленні краіны ў альянс намесніку дзяржсакратара ЗША Томасу Шэнану.
„Сёння мы сталі часткай самага магутнага і паспяховага альянсу ў гісторыі, – заявіў падчас цырымоніі прэм’ер Чарнагорыі Душка Маркавіч. – Мы святкуем сёння тое, што ніхто больш не будзе прымаць рашэнняў за нас і нашу краіну ў нас за спінай”.
Працэс уступлення Чарнагорыі ў НАТА пачаўся ў сакавіку 2014 года. У траўні таго ж года Чарнагорыя далучылася да санкцый Еўрасаюза супраць Расеі, уведзеных у сувязі з канфліктам на паўднёвым усходзе Украіны і анэксіяй Крыма.
28 красавіка 2017 года парламент Чарнагорыі (скупшчына) ратыфікаваў пратакол аб далучэнні краіны да НАТА.
У расейскім МЗС, каментуючы завяршэнне працэдуры ўступлення Чарнагорыі ў альянс, заявілі, што напярэдадні гэтай падзеі заўважылі „чарговы струмень дэзінфармацыі і заезджаных прапагандысцкіх клішэ ў адрас Расеі з афіцыйнай Падгорыцы”.
У МЗС таксама адзначылі, што „ў святле варожай лініі чарнагорскіх уладаў” Масква пакідае за сабой права на меры ў адказ, не ўдакладніўшы, якія менавіта дзеянні разглядаюць як варожыя”.