Час для беларускай незалежнасці цяжкі, але аптымізм застаецца (абноўлена)



Беларусь падыйшла да вельмі небяспечнай мяжы, пасля якой працэс паглынання краіны Расеяй можа стаць незваротным, лічыць палітык і грамадскі дзеяч Віктар Карняенка. На ягоную думку, існуючая ўлада змяніць сітуацыю не можа, бо менавіта дзейсны кіраўнік сам і выбудоўваў такую мадэль стасункаў з Крамлём. Зараз шмат што для беларускай самастойнасці залежыць ад развіцця падзей ва Украіне.

Вельмі шмат залежыць ад таго, як будуць развівацца падзеі ва Украіне. Яны, канешне, напалохалі Беларусь. Але шмат хто разумее, што ўсё пачалося там з Майдану. Якім чынам у нас змяніць сітуацыю, без Майдану, без таго, каб людзі паўсталі супраць таго, што ёсць, – я не бачу іншых варыянтаў.

Віктар Карняенка падкрэслівае, што ў эканоміцы Беларусь ужо фактычна цалкам залежыць ад Расеі.

* * *

На паседжанні экспертнага клуба на сядзібе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, прымеркаванага да падпісання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце 27 ліпеня 1990 года, ішла гаворка пра сённяшнія пагрозы для незалежнасці нашай краіны. На думку былога дэпутата Вярхоўнага савету і першага амбасадара Беларусі ў Нямеччыне Пятра Садоўскага, нягледзячы на пагрозу з Усходу, беларускае грамадства ўсё ж здольнае ацаніць каштоўнасць сваёй дзяржаўнасці. І гэта дае надзею, што незалежнасць будзе абаронена на самых розных узроўнях.

Ёсць пэўныя групы насельніцтва і ў наменклатуры, і ў бізнесе, і сярод творчай інтэлігенцыі, якія разумеюць, што розум і пэўныя станоўчыя тэндэнцыі павінны перамагаць. Але гэта не будзе хутка.

Пётр Садоўскі падтрымаў прапанову АГП правесці ўвосень ці на пачатку 2015 года Кангрэс дэмакратычных сілаў, прысвечаны не абранню адзінага кандыдата на прэзідэнта, а менавіта аб’яднанню нацыі дзеля захавання незалежнасці. Але дзеля гэтага трэба спачатку правесці дакладную рэвізію сітуацыі ў эканоміцы і праве Беларусі.

Відавочна, мы павінны падсумаваць сістэму тых юрыдычных правіл, міжнародных дамоў, паглядзець на эканоміку: што каму належыць, хто скупіў зямлю, нерухомасць, нашыя прамысловыя гіганты. І падлічыўшы, склаўшы нейкія табліцы, сказаць: “Хлопцы, далей так нельга”.

На думку Пятра Садоўскага, поспеху Кангрэсу можа паспрыяць адмова палітычных лідараў ад сваіх уласных і партыйных амбіцый.

[Not a valid template]

Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара