Час рэактыўнай палітыкі: каму будзе выгадны зыход Лукашэнкі



Рэактыўная палітыка – гэта не пра стратэгію, і нават не пра тактыку, гэта пра тут і цяпер.

Прывітанне, з вамі Севярын Квяткоўскі. І я прапаную паразважаць пра трохкутнік інтарэсаў Расеі, Украіны і Беларусі. У звязку з верагодным зыходам Лукашэнкі з геапалітычнай гульні.

Мы не правідцы, мы працуем з фактамі. А факт такі, што нягледзячы на дэманстрацыю жывога, хоць і не зусім здаровага, Лукашэнкі, палітычныя аглядальнікі з розных краін не спыніліся прагназаваць: якім будзе вынік сыходу Лукашэнкі.

Мы пакуль не маем сацыялогіі па беларусах, але простая логіка падказвае, і веданне пра 2020 год таксама, што Лукашэнка сядзіць у нырках у большасці беларусаў. Нават у тых, хто выступае на ягоным баку ў дзяржаўных установах.

Я не бяру пад увагу бабулек, якія партрэты Лукашэнкі вешаюць у красным куце побач з выявамі святых. Гаворка пра тых, хто прымае рашэнні на сваім узроўні.

Нават калі Лукашэнка на нейкі час выкруціцца, і яшчэ пасядзіць за стырном дзяржавы, мы можам засведчыць факт, што пачаліся і працягваюцца вучэнні жыцця без важака.

І вось тут і з’яўляецца рэактыўная, то бок, сіюмінутная, палітыка.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раптам заяўляе, што 70% беларусаў супраць Расеі, і цісне руку Святлане Ціханоўскай. Хоць перад тым, наратыў афіцыйнага Кіева называў Беларускую рэвалюцыю «спецаперацыяй Крамля». І ўсяляк гуляўся ў кампліменты Лукашэнку.

Нам тлумачылі, што беларускі народ прынесены ў ахвяру рэактыўнай палітыцы – вы там хоць усе сядзеце ў турму, абы не было ўварвання беларускага войска. Цяпер расклад палітычных картаў змяніўся ў бок народу.

Бо толькі пазіцыя большасці беларусаў і спыніла Лукашэнку ад уваходу ў вайну супраць Украіны.

Украінцам не выгадны сыход Лукашэнкі. Бо – а раптам Крэмль пасадзіць свайго больш згаворчывага стаўленіка?

Калі глядзець не рэактыўна, а хоць бы тактычна, то сыход Лукашэнкі, а тым больш уступленне беларускіх войскаў у вайну, толькі прыспешаць дэмакратычныя змены ў Беларусі. І стратэгічна гэта выгадна Украіне – мець на поўначы суседа, які апрыёры на тваім баку.

Што да Расеі, лагічным выглядае версія, што Лукашэнку «сышлі», каб паставіць кіраваную марыянетку, і пусціць ва Украіну беларускае войска.

Але гэта зноў жа рэактыўная палітыка. Бо беларусы на смерць не падпісваліся. І тактычна, і тым больш, стратэгічна, сыдуць ад Расеі хутчэй, чым планавалася.