Чацвёрты пакет санкцый ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі можа быць прыняты да 21 чэрвеня



Чацвёрты пакет санкцый супраць беларускіх уладаў і прадпрыемстваў Еўрапейскі звяз можа прыняць да 21 чэрвеня. Пра гэта, прымаючы беларускага дэмакратычнага лідара Святлану Ціханоўскую ў Нідэрландах, паведаміла міністр замежных спраў краіны Зігрыд Кааг.

Таксама, як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, палітык сустрэлася з прэм’ер-міністрам краіны Маркам Рутэ. Бакі абмеркавалі „далейшыя крокі ЕЗ: неабходнасць скаардынаваць дзеянні з Вялікабрытаніяй, ЗША і Украінай для агульнага ціску на рэжым; дапамогу грамадзянскай супольнасці: лекарам, студэнтам, выкладчыкам, журналістам, якія знаходзяцца пад ціскам ці за кратамі».

Ціханоўская падзякавала Нідэрландам за «жорсткую пазіцыю па Лукашэнку і за тое, што яны прызнаюць яго дзеянні злачыннымі». Рутэ адказаў, што «ніколі за дзесяць гадоў на пасадзе прэм’ер-міністра не бачыў такога адзінства ў Еўрапейскай радзе і ўпершыню бачыць такое аб’яднанне кіраўнікоў дзяржаў ЕЗ». Паводле яго слоў, чакаюцца самыя моцныя, самыя балючыя санкцыі, якія Лукашэнка толькі можа ўявіць.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: news.un.org