Чатыры фактары, якія паўплывалі на праймерыз
Палітолаг Валер Карбалевіч назваў чатыры фактары, якія тлумачаць нізкую актыўнасць грамадства падчас інтэрнэт-галасавання за адзінага кандыдата ад апазіцыі.
Сёння – апошні дзень анлайн-галасавання, на дадзены момант прагаласавалі каля 4 тысяч чалавек.
У выбарах бяруць ўдзел Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў і Вольга Кавалькова.
Валер Карбалевіч: Найперш на ўсе палітычныя працэсы паўплывала пандэмія каронавіруса, бо калі стаіць пытанне пра жыцці людзей, то, натуральна, чыста палітычныя рэчы адыходзяць на другі план.
Другі фактар – большасць людзей у Беларусі разумее, што рэальных выбараў у Беларусі няма, а таму большасць людзей не разумеюць, навошта ў такой сітуацыі наогул мітусіцца і рабіць нейкія целарухі. Маўляў, у гэтым няма сэнсу, калі вынік зараней вызначаны.
РР: Раней з праймерыз са скандалам выйшаў Павел Севярынец, услед за ім кампанію пакінуў і Аляксей Янукевіч. Гэта таксама паўплывала на актыўнасць людзей падчас галасавання?
Валер Карбалевіч: Той факт, што Севярынец пакінуў праймерыз, адназначна збіла актыўнасць гэтай працэдуры.
І, нарэшце, чацвёрты фактар – сам рэгламент правядзення праймерыз. Людзі, якія ў гэтым удзельнічаюць, павінны пакідаць свае кантактныя дадзеныя і заявіць пра далучэнне да каманды кандыдата.
Гэта вельмі рэзка абмяжоўвае ўдзел у кампаніі абывацеляў, якія проста збоку сочаць за кампаніяй. Фактычна гэты рэгламент прадугледжвае, што чалавек абавязуецца стаць у шэрагі апазіцыі.
Усе гэтыя фактары і прывялі да таго, што мае сёння апазіцыя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя