Чатыры гады пасля катастрофы малазійскага “Боінга”. Храналогія хлусні



Ва Украіне і свеце згадалі трагічныя падзеі чатырохгадовай даўніны. Нагадаем, 17 ліпеня 2014 года ў раёне пасёлка Тарэз, што ў Данецкай вобласці, быў збіты “Боінг-777” Малазійскіх авіяліній, які ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. У выніку загінула 298 чалавек.

Ужо цягам гадзіны пасля трагедыі сайты непрызнаных ДНР-ЛНР паведамілі, што “шахцёры і трактарысты” збілі вайскова-транспартны самалёт Узброеных Сіл Украіны. Неўзабаве высвятлілася, што самалёт не мае ніякага дачынення да ўкраінскага войска.

Месца катастрофы ачапілі баевікі, і да абломкаў пацягнуліся мясцовыя жыхары – марадзёрнічаць і рабіць сэлфі з нарабаваным майном.

Расейскія тэлеканалы з самага пачатку абвінавацілі ў збіцці малазійскага “Боінга” Украіну: спярша гаварылася пра нейкі “МіГ” з трызубам, а потым версія была змененая на ўкраінскую ракету. У якасці доказаў былі прадстаўленыя сфальшаваныя спадарожнікавыя фотаздымкі.

Незалежная міжнародная камісія прыйшла да высновы, што малазійскі “Боінг” быў збіты расейскай ракетай “Бук”, прытым належала яна расейскім узброеным сілам.

У траўні ў Еўрапейскі суд па правах чалавека звярнуліся сваякі загінулых пасажыраў, якія патрабуюць пакарання Расейскай Федэрацыі.

Беларускае Радыё Рацыя