“Чатыры лагеры”



Поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну падзяліла расейскіх артыстаў на некалькі лагераў: тых, хто падтрымаў так званую СВА; тых, хто адкрыта выступіў супраць вайны; тых, хто ўпарта маўчыць (мастацтва, як і спорт, „па-за палітыкай”); тых, хто далікатнымі намёкамі ў інтэрв’ю і публікацыях у сацсетках дае зразумець, што вайна – гэта дрэнна, але проста вайна як абстрактнае з’ява, а не як дзеянні РФ (і на гэтым «дзякуй»). Наўрад ці варта асуджаць маўклівых, таму што зразумелы іх страх страціць працу, статус, за тое набыць кляймо «іншагент».

З першага лагера артыстаў ёсць асабліва актыўна-адчайныя, нават агрэсіўныя — у моманты выступленняў яны даводзяць сябе і публіку да экстазу, падобнага да стану прапагандыста Салаўёва падчас эфіру. А калі ўлічваць, што бункерны псіхапат „вельмі па-добраму” ставіцца да ўсіх праяў творчасці на тэму спецыяльнай ваеннай аперацыі, то рэкардсменам падлізніцтва, безумоўна, ёсць малады спявак Shaman. На піцерскім канцэрце ў гонар свята Дня народнага адзінства падчас выканання ім кампазіцыі „Я – рускі” на сцэне ўзнік чалавек у чорным строі з валізай у руках, у якім знаходзілася сімвалічная чырвоная „ядзерная” кнопка.

Апагеем стаў прыпеў са словамі «я русский», калі спявак націснуў на кнопку ў валізе, пасля чаго над сцэнай заззялі вогненныя феерверкі, а зала ўзарвалася авацыямі. Пасыл да смешнага зразумелы, рэакцыя публікі – таксама. Гэта не першы правакацыйны перфоманс спявака: раней на Чырвонай плошчы ў кліпе на песню «Мы» ён настолькі відавочна «сутыкнуўся» з фашысцкай эстэтыкай, што зараз у параўнанні з ім ненавісныя рускаму міру ўкранацысты – проста бязглуздыя падлеткі. Эстэтыка падабаецца фюрару, фюрар падабаецца масам.

Цікава, пра што будзе спяваць Shaman і яму падобныя з першага лагера, калі прыйдзе час іх „дэнацыфікацыі”?

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя