„ЧЕ” і іншыя. Суботнія пікеты ў Віцебску
У абласным цэнтры на адной пляцоўцы працуюць адразу 4 ініцыятыўных групы розных кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах.
Па 3-4 чалавекі можна ўбачыць каля збіральнікаў подпісаў за Сяргея Чэрачня і Валерыя Цапкалу, у чэргах па 7-8 чалавек стаяць ахвотныя паставіць подпіс за вылучэнне Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі. Заўважна, што многія віцябляне пераходзяць ад пікета да пікета, каб падтрымаць усіх чатырох незалежных кандыдатаў. Каб у людзей быў выбар, тлумачыць дзяўчына, якая назвалася Вольгай:
– Трэба болей вылучэнцаў, каб народ меў права выбару і меў кандыдатаў, за якіх можна прагаласаваць.
РР: А за вылучэнне якіх кандыдатаў вы паставілі сёння подпіс, калі не сакрэт?
Вольга: За Цэпкалу, за Бабарыку, за Чэрачня, за Ціханоўскую.
РР: За Лукашэнку таксама ставілі подпіс?
Вольга: Не!
РР: а ці падпісаліся б, каб тут стаяў ягоны пікет.
Вольга: Прынцыпова не! Не буду падпісвацца. Я не падтрымліваю яго.
На ўласны пікет па зборы подпісаў сёння ў Віцебск прыехаў Сяргей Чэрачэнь. Тым, хто падыходзіў да зялёнага намёту, прапаноўвалі буклеты і значкі з надпісам “ЧЕ”. Спадар Чэрачэнь адказваў на пытанні мінакоў, але ахвотных пазнаёміцца было не сказаць каб шмат. Патэнцыйны кандыдат падзяліўся сваімі планамі на перыяд пасля збору подпісаў:
– Будзем чакаць вынікаў – рэгістрацыі або не рэгістрацы, а пасля, спадзяюся, з усімі дэмакратычнымі сіламі мы сядзем за адзіны стол перамоваў і прымем супольнае калегіяльнае рашэнне, як мы будзем рухацца далей. Мы выдатна бачым сітуацыю, калі сілавыя структуры ціснуць на дэмакратычных кандыдатаў, і мы павінны добра ўсведамляць, што рабіць далей. Сітуацыя развіваецца неадназначна і штодня мяняецца.
Сяргей Чэрачэнь сказаў, што ў тым выпадку, калі яго не ўарэгіструюць, або калі будзе вырашана абараць адзінага кандыдата з дэмакратычнага асяродку, ён прапануе сваім прыхільнікам падтрымаць тых, хто “стаўся пэўнымі лідарамі меркаванняў” — Валерыя Цапкалу і Віктара Бабарыку.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск