Чэрачэнь гатовы вылучыць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах



Старшыня партыі „Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” і былы кандыдат у прэзідэнты 2020 года Сяргей Чэрачэнь вылучыць сваю кандыдатуру і на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Пра гэта ён расказаў у інтэрв’ю газеце „Народная Воля”.

Па словах Чэрачня, партыя, якой ён кіруе, падала ў Мінюст дакументы на перарэгістрацыю на пачатку чэрвеня. Праўда, ва ўсечанай форме — без пайменнага спісу сябраў партыі. Па словах Чэрачня, неабходныя для перарэгістрацыі партыі пяць тысяч чальцоў БСДГ мае. Колькасны рост партыі ён патлумачыў тым, што да іх перайшлі актывісты ліквідаваных незалежных прафсаюзаў.

Хаця Чэрачэнь не спадзяецца на перарэгістрацыю БСДГ, але заяўляе, што самаліквідоўвацца партыя не будзе. На закіды ў тым, што ён гуляе па правілах улады, палітык адказвае:

„Магу сказаць толькі адно: я гуляю па пэўных правілах, таму што ў нашай краіне ёсць чырвоныя лініі (асабліва пасля 2020 года), якія пераходзіць нельга. Так, асабліва не лезем на ражон, але гэтага і не адмаўляем. Усе мы выдатна разумеем, што калі б я цяпер выказваў той пункт гледжання, якім прытрымліваюцца нашы калегі, якія з’ехалі на Захад, то ўжо даўно сядзеў бы ў турме. Альбо прыйшлося б з’язджаць за мяжу ў багажніку машыны”, – адзначыў Чэрачэнь.