Чэрачэнь выказаўся супраць удзелу Беларусі ў ваенных блоках і за кантрактную армію



 „Улада не павінна праводзіць ніякай інтэграцыі па непразрыстых механізмах. Уступленне ў любыя міжнародныя арганізацыі і саюзы павінна быць ухваленае на ўсенародным рэферэндуме, а інтэграцыйныя дакументы нельга падпісваць кулуарна”, — заявіў кандыдат у прэзідэнты Сяргей Чэрачэнь у тэлезвароце да выбаршчыкаў на канале „Беларусь 1” 21 ліпеня.

„Беларусь не хоча ні з кім ваяваць, таму нам трэба абвясціць нейтралітэт і не ўступаць у ваенныя блокі, няхай гэта будзе НАТА або АДКБ. У Беларусі не павінна быць замежных ваенных баз. Бяспеку будзе забяспечваць прафесійнае і сучаснае войска на кантрактнай аснове. Мы адменім абавязковую службу ў арміі па прызыве: гэта зэканоміць не толькі дзяржаўныя рэсурсы, але і самае галоўнае — гады жыцця маладых людзей”, — сказаў Чэрачэнь.

Паводле слоў кандыдата, для ўсіх змен патрэбны надзейны падмурак, якім павінна стаць абноўленая Канстытуцыя. „Цяперашняя Канстытуцыя канцэнтруе ўсю ўладу ў руках прэзідэнта, але і старая Канстытуцыя 94-га года дрэнна забяспечвала баланс улады. Беларускай Канстытуцыі патрэбны апгрэйд, які выправіць вынікі папярэдніх рэферэндумаў, праведзеных з парушэннямі, і які будзе гарантаваць, што канстытуцыйны крызіс 1996 года больш не паўторыцца”, — заявіў палітык.

У абноўленай Канстытуцыі павінен быць замацаваны „рэальны падзел уладаў і змяняльнасць улады — новая сістэма стрымак і супрацьвагаў, якая дазваляе не дапусціць развіцця падзей на ўзор 90-х гадоў”. „Беларусі неабходна пераходзіць ад суперпрэзідэнцкай рэспублікі да ўзмацнення ролі парламента, як гэта адбываецца ў многіх еўрапейскіх краінах. З развіццём парламентарызму ўсё больш паўнамоцтваў прэзідэнта павінна пераходзіць да парламента, аж да пераходу да парламенцкай рэспублікі. Трэба вярнуць абмежаванне ў два прэзідэнцкія тэрміны для адной асобы”, — лічыць Чэрачэнь.

На яго думку, пытанні зменаў у Канстытуцыю, якія тычацца дзяржаўных сімвалаў, моўнай палітыкі, увядзення прыватнай уласнасці на зямлю і адмены смяротнага пакарання, таксама трэба выносіць на рэферэндум, „каб галоўным было меркаванне людзей”.

belapan.by