Чвэрць кандыдатаў у дэпутаты адкрылі рахункі для фармавання выбарчых фондаў



Банкаўскія рахункі для фармавання асабістых выбарчых фондаў па стане на сярэдзіну дня 23 кастрычніка адкрылі прыблізна 140 чалавек, гэта значыць 25% усіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 23 кастрычніка ў відэаінтэрв’ю на афіцыйным канале Нацыянальнага прэс-цэнтра ў YouTube.

Сродкамі асабістага выбарчага фонду, нагадала яна, кандыдаты будуць расплачвацца за куплю дадатковага эфірнага часу і выраб агітацыйнай друкаванай прадукцыі.

Паводле яе слоў, „вялікая колькасць” кандыдатаў ужо праінфармавалі ЦВК аб намеры праводзіць адкрытыя агітацыйныя грамадскія мерапрыемствы. Больш за ўсё такіх кандыдатаў у Менску. „Частка кандыдатаў звярнулася з заявамі аб даванні ім закрытых памяшканняў для сустрэчы з выбаршчыкамі. Тут лідзіруе Мінская вобласць”, — сказала Ярмошына.

28 жніўня Цэнтрвыбаркам зацвердзіў палажэнне аб выбарчым фондзе кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання.

Згодна з дакументам, усе кандыдаты ў дэпутаты маюць права стварыць уласны выбарчы фонд для фінансавання расходаў на перадвыбарную агітацыю. Фонд можа быць сфармаваны з уласных грашовых сродкаў, памер якіх не можа перавышаць 1.000 базавых велічынь (25,5 тыс. рублёў), добраахвотных ахвяраванняў грамадзян (не больш за 5 базавых велічынь, або 127,5 рубля, ад аднаго чалавека), добраахвотных ахвяраванняў юрыдычных асоб (не больш за 10 базавых велічынь, або 255 рублёў, ад адной юрыдычнай асобы). Агульная сума сродкаў выбарчага фонду не можа перавышаць 1.000 базавых велічынь.

Кандыдаты ў дэпутаты абавязаны весці ўлік паступлення і расходавання сродкаў выбарчага фонду і падаваць акруговым выбарчым камісіям фінансавыя справаздачы: першапачатковую — з 2 па 6 лістапада ўключна, выніковую — не пазней за 21 лістапада.

Акрамя таго, не пазней за 19 лістапада кандыдаты абавязаныя пералічыць нявыкарыстаныя грашовыя сродкі выбарчага фонду ахвярадаўцам прапарцыйна ўнесеным сродкам і закрыць рахунак.

belapan.by