Чым прэм’ер Румас адрозніваецца ад прэм’ера Кабякова?



Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір ацаніў першыя сто дзён працы Сяргея Румаса на пасадзе кіраўніка ўрада.

Беларускі кіраўнік на нарадзе заявіў, што ўрад Сяргея Румаса такі ж беспрынцыповы, як урад яго папярэдніка Андрэя Кабякова. Але ці такі ўжо беспрынцыповы новы прэм’ер-міністр?

РР: Як вы ацэньваеце першыя сто дзён працы Сяргея Румаса на пасадзе кіраўніка ўрада?

Міхаіл Чыгір: Найперш хачу сказаць, што 100 дзён працы на пасадзе прэм’ера – гэта не той тэрмін, праз які можна было б ужо даваць ацэнкі. Хаця мне, напрыклад, спадабалася выказванне Румаса, што індывідуальныя прадпрымальнікі – гэта перадавая частка грамадства. Разумнае і смелае выказванне.

РР: Беларускі кіраўнік назваў новы ўрад беспрынцыповым…

Міхаіл Чыгір: Ведаеце, чым адрозніваецца Сяргей Румас ад Андрэя Кабякова? Як мне падаецца, у Румаса ўсё ж-такі ёсць пэўная самастойнасць у дзеяннях і ідэях. Гэтым ён і раней вызначаўся. Калі ў яго ёсць нейкая ідэя, то ён паспрабуе яе правесці. Але пытанне ў тым: ці зможа ён са сваімі ініцыятымі супрацьстаяць Аляксандру Лукашэнку, калі меркаванні разыйдуцца?

Па сабе ведаю, што гэта надзвычай складана. У пэўнай ступені псіхалагічсна цяжка. Калі Румасу ўдасца прабіваць свае ініцыятывы, то можа ў яго нешта і атрымаецца. Але яму падтрэмна падтрымка. Любы чалавек (кіраўнік краіны – не выключэнне) можа памыляцца і варта не баяцца пра гэта яму сказаць. Праўда, у нас у асноўным усё слухаюць толькі адзінае правільнае рашэнне. Пабачым, ці зможа Румас гэтаму супрацьстаяць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя