Чым займаецца экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка?
«Хацелася б прыняць удзел у парламенцкай кампаніі, але пры ўмове, што дазволіць здароўе», — кажа палітык.
Нагадаем, што ў жніўні 2015 года на той час кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка атруціўся ў кафэ маркоўным сокам, пасля чаго выказаў меркаванне, што такім чынам яго «вырашылі прыбраць з прэзідэнцкай гонкі».
Віктар Цярэшчанка: Цяпер практычна завяршыў пасля выхаду з лякарні курс асноўнага абследавання і лячэння. Я атрымаў цэлы «букет» захворванняў, якія неабходна лячыць, кожнае асобна. Пасля таго атручвання ў мяне праблемы з печанню, са страўнікам, з крывяным тромбаўтварэннем і сэрцам. Пры гэтым, калі буду лячыць страўнік, то ў гэты ж час нельга лячыць печань, бо лекі несумяшчальныя. Адным словам, папраўляць здароўе трэба будзе крок за крокам. І гэта запатрабуе і часу, і фінансавых выдаткаў, і моцы духу.
РР: А што з вашай справай з нагоды атручвання?
Віктар Цярэшчанка: Я звярнуўся ў міліцыю, тыя прыйшлі ў лякарню, калі я яшчэ ляжаў пад кропельніцай. Напісаў заяву, каб узбудзілі крымінальную справу па факце атручвання, але праз дзесяць дзён мне паведамілі, што адмоўлена ва ўзбуджэнні справы, бо апытаныя афіцыянты, бармен, повар і ўрач заявілі, што мне давалі здаровую ежу, а лячылі мяне правільна. Маўляў, гэта проста алергічная рэакцыя. Якая алергія, калі аналізы паказалі, што на маркоўны сок яе няма? Гэта наогул парадокс. Пасля гэта звярнуўся да пракурора, але і там адмовілі. А зараз я вымушаны пакінуць свае справы (нават закінуў навуковую працу, якую пішу) і займацца толькі здароўем. 3-5 гадзін у дзень трэба выдаткоўваць на паліклінікі, лякарні і гэтак далей.
РР: Адным словам, у парламенцкай кампаніі не будзеце ўдзельнічаць?
Віктар Цярэшчанка: Ёсць такое жаданне, але з умовай, што дазволіць здароўе. Я ж не ведаю, як буду пачуваць сябе праз месяц ці два. У сакавіку-красавіку канчаткова вызначуся, ці прыму ўдзел у выбарах.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя