Чым займаецца польска-беларуская гістарычная камісія?



Пацяпленне адносін на лініі Варшава Менск гэты трэнд у двухбаковых адносінах можна назіраць цягам апошняга году, запачаткаваў яго візіт у беларускую сталіцу кіраўніка польскай дыпламатыі Вітальда Вашчыкоўскага ў сакавіку летась.

Сёлета прадстаўляючы планы польскага МЗС у Сейме Вітальд Вашчыкоўскі сярод агульных словаў згадаў пра адну з двухбаковых польска-беларускіх камісій — гістарычную:

– Асноўнай задачай будзе нармалізацыя двухбаковых адносін канкрэтнымі рашэннямі перадусім у гаспадарчай, памежнай, гандлёвых галінах, а таксама ў пытанні палякаў у Беларусі. Рыхтуемся таксама да стварэння польска-беларускай гістарычнай камісіі.  

Літаральна праз тры тыдні ад выступу міністра замежных спраў Польшчы, Беларускі МЗС на сваёй старонцы змясціў кароткую інфармацыю пра тое, што намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка сустрэўся са сустаршынём польска-беларускай гістарычнай камісіі з польскага боку дырэктарам польскага інстытуту міжнародных адносін — Славомірам Дэмбскім.

Прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык адзначыў, што камісія сфармавалася яшчэ летась:

– Склад гэтай камісіі сфармаваны яшчэ год таму.

РР: А з беларускага боку хто ўзначальвае?

– Калі не памыляюся дэкан факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта спадар Шадурскі.

Мы паспрабавалі паразмаўляць з прафесарам Віктарам Шадурскім, аднак у дэканаце факультэта міжнародных адносін БДУ, які ён узначальвае, паведамілі, што сустаршыня польска-беларускай гістарычнай камісіі ад Беларусі, не можа выказвацца для прэсы без свайго польскага калегі:

– Існуе дамоўленасць, што выступаць будуць разам з польскім бокам – з польскай гістарычнай камісіяй.

Пакуль няма пра што распавесці і сустаршыні камісіі з польскага боку, у сакратарыяце Польскага інстытуту міжнародных спраў параілі звярнуцца да Славаміра Дэмбскага пазней:

– Калі ласка праз некі час, калі дзейнасць ажывіцца, можа тады ў камісіі будзе больш інфармацыі.

Беларускі незалежны гісторык Алесь Краўцэвіч прыгадвае, што польска-беларуская камісія па гістарычных пытаннях узнікла яшчэ ў 90-х гадах мінулага стагоддзя і скептычна ставіцца да яе працы ў цяперашні час:

– Гэтай камісіі вельмі шмат гадоў, яна ціха памерла, яна проста не збіралася. У той жа час дзейнічае польска-расейская камісія, хоць там невялікія поспехі, але яна дзейнічае. Я думаю, што цяпер тая новая камісія створана, я дарэчы пра яе нічога не ведаў, думаю, што яна створана ў межах гэтага так званага пацяплення польска-беларускіх адносін. Я вельмі скептычна стаўлюся, сумняваюся, што такая камісія хоць нешта ды зробіць. Не лічу, што не будзе шансаў на поспех, калі гэту камісію будуць ствараць з прадстаўнікамі беларускага аўтарытарнага ўраду, з аднаго боку. З друго боку, пры патранаце міністра Вашчыкоўскага, з яго вельмі спецыфічнай пазіцыяй адносна Беларусі, не веру ў поспех гэтай справы.   

Польскія гісторыкі неаднаразова заяўлялі, што для Польшчы ў працах гэтай камісіі важна вырашыць пытанне пахавання афіцэраў польскага войска, знішчаных паводле «катынскага спісу» ў 1940 годзе на тэрыторыі Беларусі, а таксама месца пахавання ахвяраў «аўгустоўскай аблавы» 1945 года. З беларускага боку паводле Алеся Краўцэвіча пытанні да польскіх гісторыкаў, трэба пачынаць ад самага пачатку:

– Я спецыяльна аналізаваў польскую гістарыяграфію пра беларусаў, і ў польскай гістарыяграфіі беларусы як народ выскокваюць ніадкуль у дзевятнаццатым стагоддзі. Да гэтага часу выступаюць толькі русіны, то бок яны, напрыклад, летувісаў літоўцамі называюць ад дзясятага стагоддзя, ім можна гэта, а беларусаў яны толькі ад дзевятнаццатага стагоддзя заўважаюць у гісторыі. Гэта першая праблема. Вельмі шмат праблем звязаных з найноўшай гісторыяй. Як ацэньваць падзеі верасня 1939 года? Адназначна гэта была агрэсія супраць Польшчы, а з другога боку гэта было аб’яднанне Беларусі. Яшчэ вельмі шмат пытанняў, трэба, каб працавалі прафесіяналы. Спадар дэкан Шадурскі ён гісторык па адукацыі, я яго памятаю, ён вучыўся на малодшых курсах, але ён чыноўнік, ён дэкан факультэта міжнародных адносін, ён уключаны ў сістэму гэтага аўтарытарнага  рэжыму. Трэба, каб працавалі незалежныя прафесіяналы. Я думаю, што гэта камісія зможа запрацаваць калі Беларусь будзе дэмакратычнай. Цяперашні беларускі ўрад, я ацэньваю, як акупацыйны.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя