Чыноўнікам з Беларусі адменяць візы ў Еўразвяз па спрошчаным рэжыме
Еўракамісія прапанавала часткова прыпыніць дзеянне пагаднення Еўразвязу з Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму. Гэтае прыпыненне з’яўляецца кропкавым, накіраваным на дзяржаўных чыноўнікаў і ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў, заявілі на прэс-канферэнцыі ў Бруселі прадстаўнікі Еўракамісіі. Рашэнне прыме Рада Еўразвязу.
У публікацыі Газеты выборчай згадваецца, якія менавіта візавыя санкцыі будуць уведзеныя супраць Беларусі. Пад іх трапяць чальцы афіцыйных дэлегацый, прадстаўнікі цэнтральных і мясцовых уладаў, парламента, мясцовых саветаў, Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў. Супрацоўнікі гэтых устаноў будуць плаціць за шэнгенскія візы не 35, а 80 еўра. Таксама ім не будуць выдаваць шматразовыя візы. Дзеля атрымання „шэнгену” ім трэба будзе прадастаўляць максімальна падрабязнае абгрунтаванне для ўезду.
Прадстаўнікі Еўракамісіі падкрэсліваюць, што рашэнне не закране звычайных грамадзян Беларусі і што візавыя санкцыі — гэта адказ на дзеянні афіцыйнага Менска (згадваецца спроба дэстабілізаваць ЕЗ з дапамогай мігрантаў, прыпыненне дзеяння пагаднення аб рэадмісіі).
Брусель рыхтуе і новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя