CNN: Расея хоча аб’явіць пра перамогу ва Украіне да 9 траўня
Амерыканская разведка лічыць, што Расея захоча ўзяць Данбас пад поўны кантроль да 9 траўня. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з разведдадзенымі.
Суразмоўцы тэлекампаніі нагадалі, што Расея перагледзела стратэгію ў дачыненні да Украіны і афіцыйна заяўляе, што зараз мае намер засяродзіцца на Данбасе. У астатняй Украіне расейскія сухапутныя войскі не могуць утрымліваць кантроль над раёнамі, дзе яны вядуць баявыя дзеянні, сказалі яны.
У выпадку з Данбасам, паведамляе CNN, у Расеі больш шанцаў. Крыніцы кажуць, што для расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна важна дабіцца поспеху да 9 траўня, бо Дзень Перамогі мае для яго сімвалічнае значэнне.
„Пуцін зладзіць парад перамогі 9 траўня незалежна ад статусу [бягучай] вайны або мірных перамоваў„, — сказаў CNN прадстаўнік міністэрства абароны адной з краін ЕЗ. На яго думку, прэзідэнт Расеі рыхтуецца да доўгай і зацяжной вайны па сцэнары дзвюх чачэнскіх кампаній: „Бо які ў яго яшчэ ёсць выбар„.