Cтаніслаў Шушкевіч: Прыезд Пампеа ў Беларусь – гэта падзея
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч пракаментаваў візіт у Беларусь Дзяржсакратара ЗША Майкла Пампеа.
Дзярждэпартамент ЗША на сваім сайце ўжо анансаваў візіт у Беларусь 1 лютага дзяржаўнага сакратара Майкла Пампеа.
Рабочы візіт Пампеа ў Беларусь планаваўся на 4 студзеня, але быў перанесены на 1 лютага ў сувязі з сітуацыяй вакол пасольства ЗША ў Іраку і далейшымі падзеямі.
Станіслаў Шушкевіч: Візіт Пампеа ў Беларусь – гэта, безумоўна, даволі важкая падзея для краіны. Дзяржаскратар ЗША – не прэзідэнт, але, тым не менш, вельмі высокая асоба. Я мяркую, што амерыканцы хочуць, каб у нас былі дыпламатычныя адносіны на ўзроўні амбасадараў. Хутчэй за ўсё, Пампеа пацвердзіць, што ў ЗША такое жаданне ёсць. Ён бачыць, што ў краіне ўсё вырашае адзін чалавек і хоча яму пра гэта сказаць. Мяркую, больш ніякіх сур’ёзных пытанняў закранаць не будуць.
РР: Былі ж заявы раней, што магчымы альтэрнатыўныя пастаўкі нафты ў Беларусь, у тым ліку, магчыма, і са Злучаных Штатаў…
Станіслаў Шушкевіч: Гэта поўнае глупства! Такое ж глупства, як і пастаўкі нарвежскай і венесуэльскай нафты, якія пры любым раскладзе даражэйшыя за расейскую.
РР: На ваш погляд, як Масква ўспрыме гэты візіт у Беларусь?
Станіслаў Шушкевіч: Думаю, што Крамлю ўсё роўна, бо ў Менску падчас візіта Дзяржсакратара ЗША будуць вырашацца толькі дробныя тэхнічныя пытанні. Наколькі мне вядома, нічога сур’ёзнага ў парадак дня не ўключана. Гэта будзе такі транзітны візіт для падвышэння ўзроўню дыпламатычных адносін.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя