Cуд у справе ліквідацыі ГА БНФ “Адраджэньне” прыпынены
15 верасня ў Вярхоўным Судзе Беларусі адбылося пасяджэнне па справе аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”. Суд вынес пастанову аб часовым прыпыненні разгляду іска аб ліквідацыі арганізацыі, які быў пададзены Міністэрствам юстыцыі яшчэ 27 ліпеня. Справа прыпыненая да вынясення рашэння па скарзе аб’яднання на вынесенае раней папярэджанне.
Як паведаміў намеснік старшыні Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” Юрась Меляшкевіч, які прадстаўляў у судзе інтарэсы арганізацыі, падставай для прыпынення разгляду справы сталася пададзеная з боку БНФ “Адраджэньне” скарга на раней вынесенае ёй пісьмовае папярэджанне:
– Месяц таму, калі мы атрымалі ад Вярхоўнага суду паведамленне пра іск міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі ГА БНФ “Адраджэньне”, мы ўпершыню даведаліся, што нашай арганізацыі яшчэ 14 ліпеня мінюстам было вынесенае пісьмовае папярэджанне. Менавіта невыкананне патрабаванняў таго папярэджання было пакладзенае міністэрствам у падмурак іска аб ліквідацыі.
Толькі пры вывучэнні матэрыялаў справы мы даведаліся і пра сам факт папярэджання, і пра змест прэтэнзіяў рэгіструючага органа – ніякіх лістоў пра папярэджанне па звычайных каналах мы не атрымлівалі, што з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Паказальна, што папярэджанне было вынесена менавіта 14 ліпеня – у той самы дзень, калі адбыліся ператрусы як у офісе БНФ, так і ў офісах дзесяткаў іншых грамадскіх арганізацыяў.
Вывучыўшы пісьмовае папярэджанне мы прыйшлі да высновы, што яно з’яўляецца неабгрунтаваным. У сувязі з гэтым на пісьмовае папярэджанне была пададзеная скарга ў Вярхоўны суд, які павінны разгледзіць яе ў іншым працэсе, асобна аб разгляду іска аб ліквідацыі арганізацыі.
Цяпер фактычна міністэрства юстыцыі абвінавачвае нас у тым, што мы не прадставілі яму тыя дакументы, якія былі забраныя следчымі органамі пры ператрусах у ліпені, альбо знаходзяцца ў памяшканні, якое з ліпеня застаецца апячатаным і доступ у якое забаронены следчым камітэтам. Мы звярталіся да следчых з патрабаваннем зняць забарону на доступ у памяшканне, што дало б нам магчымасць падрыхтаваць тыя звесткі, якія запытвае міністэрства (патрабуюцца менавіта аргіналы, што знаходзяцца ў архіве арганізацыі). Аднак органы следчага камітэту адмовілі нам у гэтым.
Прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі і пракуратуры, якія бралі ўдзел у судовым разглядзе, не пярэчылі супраць адкладання разгляду справы.
Вывучыўшы аргументы адказчыка суддзя Вярхоўнага Суда Рыма Філіпчык пастанавіла прыпыніць разгляд справы аб ліквідацыі ГА БНФ “Адраджэньне” да таго часу, як судом будзе вынесенае рашэнне па скарзе, якая была пададзеная арганізацыяй на пісьмовае папярэджанне.
Пачынаючы з ліпеня ў Беларусі адбываецца маштабная кампанія па судовай і пазасудовай ліквідацыі арганізацыяў грамадзянскай супольнасці – пад прымусовае закрыццё на дадзены момант патрапілі каля 250 грамадскіх аб’яднанняў, фондаў, установаў і асацыяцыяў. Напрыклад, ужо заўтра, 16 верасня, у Вярхоўным судзе будзе разглядацца справа аб ліквідацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства Беларускай Школы”.
Прэс-служба Партыі БНФ