Cустрэча кіраўнікоў ЕАЭС пройдзе ў фармаце відэаканферэнцыі
Пытанні двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі абмяркоўваліся падчас тэлефоннай размовы міністра замежных спраў Уладзіміра Макея з расейскім паслом Дзмітрыем Мезенцавым. Тэлефонная размова адбылася 10 красавіка, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.
Бакі абмеркавалі ўзаемадзеянне дзвюх краін у рамках ААН і іншых міжнародных арганізацый. „Падрабязна разгледжаны парадак дня і графік кантактаў на ўзроўні кіраўніцтва знешнепалітычных ведамстваў на найбліжэйшы час. Пацверджана ўзаемная настроенасць на рэалізацыю запланаваных у гэтым кантэксце мерапрыемстваў у намечаныя тэрміны”, — гаворыцца ў паведамленні.
Мезенцаў падтрымаў ініцыятыву прэзідэнта Беларусі аб правядзенні — з улікам распаўсюджвання новай каранавіруснай інфекцыі — сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) у фармаце відэаканферэнцыі. Дасягнута дамоўленасць аб працягу цеснай сумеснай працы па падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства.
Макей і Мезенцаў абмеркавалі таксама „тэматыку падрыхтоўкі да святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і рэалізацыю шэрагу сумесных ініцыятыў і мерапрыемстваў”.
„Падкрэслена значнасць паглыблення супрацоўніцтва ў сферы рэалізацыі буйных двухбаковых праектаў, у ліку якіх будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, — адзначаецца ў паведамленні. — Сур’ёзная ўвага падчас размовы была нададзеная каардынацыі працы і ўзаемадзеяння па вывазе з далёкіх краін грамадзян Беларусі і Расеі, якія ў цяперашняй сітуацыі пакуль не могуць вярнуцца дадому. Канстатаваная аб’ектыўная складанасць у вырашэнні шэрагу пытанняў, значнасць працягу сістэмнага ўзаемадзеяння ў гэты востры перыяд паміж бакамі, знешнепалітычнымі ведамствамі і замежнымі ўстановамі абедзвюх дзяржаў”.
31 сакавіка падчас тэлефоннай размовы Лукашэнка і прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян абмеркавалі магчымасць сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС для абмеркавання эканамічных выклікаў. З ініцыятывай аб правядзенні такой сустрэчы выступіў Лукашэнка, бо Беларусь старшынствуе ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Ён падкрэсліў наяўнасць „неадкладных пытанняў, якія патрабуюць дэталёвага абмеркавання на вышэйшым узроўні”.
Лукашэнка даў даручэнне старшыні калегіі ЕЭК Міхаілу Мясніковічу прапрацаваць гэтае пытанне з кожным з бакоў і давесці да іх абмеркаваныя пазіцыі. „У выпадку згоды кіраўнікоў дзяржаў Беларусь прапаноўвае правесці сустрэчу ў выключна вузкім складзе, гарантаваўшы поўную бяспеку кожнаму з членаў дэлегацый, якія прыбудуць, — адзначаецца ў паведамленні. — Альтэрнатыўным варыянтам правядзення гэтага абмеркавання, на думку беларускага боку, можа стаць відэаканферэнцыя з удзелам лідараў Еўразійскага эканамічнага саюза”.
Раней паведамлялася, што пасяджэнне Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета з удзелам кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС запланаванае ў Менску 19 траўня.