Cусветная прэса пра Беларусь: Апошні фарпост
Расея працягвае заклікаць мігрантаў ехаць праз Беларусь у ЕЗ. Беларусь супраціўляецца таму, каб стаць простым працягам Расеі. Ці будзе Беларусь зрываць дзень выбараў у Польшчы?
«Расея арганізуе рэйсы з Блізкага Усходу ў Маскву, даючы мігрантам доступ да беларускіх межаў, а затым да межаў ЕЗ. Людзі, якія перасякаюць мяжу, дабіраюцца цягніком з Масквы ў беларускую сталіцу Менск, а потым спрабуюць прыехаць у Польшчу, Літву ці Латвію», – піша еўрапейскае выданне Euractiv.
«Паводле звестак выканаўчай уладай ЕЗ, па выніках лета спробы перасячэння межаў Беларусі і ЕЗ павялічыліся на 62% у параўнанні з 2022 годам, аднак лічбы застаюцца ніжэйшымі за 2021 год, калі Лукашэнка выштурхнуў да мяжы вялікую колькасць мігрантаў. У той час як лідары ЕЗ збіраюцца абмеркаваць міграцыю і сітуацыю на ўсходняй мяжы ЕЗ з Беларуссю, чакаецца, што ўсходнееўрапейцы запытаюць перагляд заканадаўства блока з улікам бягучага крызісу. Гэта асабліва жорсткая форма гібрыднай вайны, у якой невінаватыя людзі падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню; вайна вядзецца наўмысна падманваючы іх, дэманструючы ЕЗ і ягоныя службы як няўдалыя інстытуты, запалохваючы мясцовых жыхароў. Пасля прыняцця будучага рэгламенту праверкі будзе ўсталяваны абавязак краін-членаў стварыць незалежны механізм маніторынгу для забеспячэння захавання права ЕЗ і міжнароднага права, у тым ліку Хартыі асноўных правоў», — падкрэслівае еўрапейскае выданне.
***
«Большасць каментатараў, падобна, засяродзіліся на адным канкрэтным прызнанні з двухгадзіннага жнівеньскага інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі. У прыватнасці, маецца шырокая дыскусія адносна адказу Лукашэнкі на пытанне, ці быў ён загадзя інфармаваны прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным аб намерах распачаць поўнае ўварванне ва Украіну 24 лютага 2022 года», – сочыць за сітуацыяй амерыканскае выданне The Jamestown.
„Лукашэнка сапраўды мог не ведаць аб поўным маштабе планаў Пуціна адносна Украіны. Тым не менш, цяжка ўявіць, што Лукашэнка зусім не ўсведамляў намераў Масквы пачаць уварванне з беларускай тэрыторыі. Лукашэнка мог запэўніць, што ён быў праінфармаваны загадзя аб уварванні; замест гэтага ён, здавалася б, пацвердзіў меркаванне, што ён марыянетка Пуціна. Для Лукашэнкі больш карысна, каб яго бачылі менавіта марыянеткай, чым у якасці поўнага саўдзельніка расейскага нападу на Украіну. Аналіз дыслакацыі, структуры і колькасці беларускага войска як у 2021 годзе, так і цяпер, сведчыць аб адсутнасці планаў наступальнай вайны больш пераканаўча, чым словы Лукашэнкі. Калі пачалася вайна, мяжу Беларусі з Украінай давялося прыкрываць элітным спецназам. Беларускае войска ў цэлым не пашыралася. Менск як мог адцягваў фармальнае стварэнне Паўднёвага аператыўнага камандавання. Але у гэтым хутчэй выкрут. Магчыма, тактычная ядзерная зброя Расеі была разгорнутая, бо беларуская ўлада не ўмацоўвала сваё войска. Аднак усё роўна больш пашырана перакананне, што Беларусь фактычна стала працягам Расеі і таму да яе трэба ставіцца адпаведным чынам. Здаецца, што сумеснае папярэджанне Польшчы, Латвіі і Літвы ад 28 жніўня аб тым, што іх межы з Беларуссю могуць быць цалкам закрытыя ў бліжэйшы час, вынікае з такой жа логікі. Пры гэтым Літва ўжо закрыла два з шасці памежных пунктаў з Беларуссю і агучыла планы закрыць яшчэ двух», – падсумоўвае амерыканскае выданне.
***
«Спецслужбы Польшчы чакаюць, што Расея і Беларусь паспрабуюць дэстабілізаваць сытуацыю ў Польшчы ў дзень парламенцкіх выбараў», – цытуе прадстаўніка дзяржбяспекі брытанская газета The First News.
«Урадавы ўпаўнаважаны па бяспецы інфармацыйнай прасторы Станіслаў Зарын заявіў у пятніцу, што ў дзень выбараў 15-га кастрычніка расейскія і беларускія бакі будуць спрабаваць рабіць такія дзеянні, каб паўплываць на грамадскія эмоцыі. Сам выбарчы працэс, працэс падліку галасоў настолькі добра падрыхтаваны, што дэстабілізаваць на гэтым этапе будзе няпроста. Тое, да чаго трэба рыхтавацца, — гэта спроба расхістаць польскую дзяржаву падчас выбарчай кампаніі. Расейскія і беларускія прапагандысты ўсё часцей спасылаюцца на будучыя выбары ў Польшчы. Яны сцвярджаюць, што ў краіне наспявае рэвалюцыя ў палітычным жыцці і што цяперашні ўрад баіцца быць адхіленым ад улады. Відавочныя спробы паказаць, што Расея спадзяецца на змену палітычнай лініі ў Варшаве, што дапаможа нармалізаваць, у расейскім разуменні, польска-расейскія адносіны», – папярэджвае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка.