Cусветная прэса пра Беларусь: Азы беларускай перазагрузкі



Напярэдадні выбараў у Польшчы ўзрасла напружанасць паміж Менскам і Варшавай. Ці вытрымаюць беларускія заходнікі? Грамадзянскай супольнасці ў Беларусі пагражае сціранне, як у Саудаўскай Аравіі і Заходняй Сахары.

„28-га верасня Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што польскі верталёт парушыў паветраную прастору Беларусі. Польскі ўрад адхіліў абвінавачванні Мінска. Гэта быў не першы падобны інцыдэнт паміж Польшчай і Беларуссю за апошнія месяцы», – адсочвае сітуацыю амерыканскае выданне Jamestown.

«Да гэтага 1-га жніўня Варшава заявіла, што два беларускія верталёты здзейснілі нізкія палёты каля 3 кіламетраў у паветранай прастору Польшчы і заставаліся там некалькі хвілін над Белавежай. Менск абвяргае гэтыя абвінавачванні. Падобныя інцыдэнты адлюстроўваюць рост напружанасці паміж Беларуссю і Польшчай. Пасля перыяду шматспадзеўнага збліжэння з 2016 , двухбаковыя сувязі пачалі пагаршацца напрыканцы 2020 года, калі Польшча далучылася да санкцый Захаду супраць Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў і наступных пратэстаў. У выніку ў канцы 2021 года выбухнуў буйны міграцыйны крызіс, які ў сваю чаргу, выклікаў дзве падзеі, якія моцна пашкодзілі беларуска-польскім адносінам. Па-першае, крызіс даў Варшаве падставу для ўсталявання бар’ераў для перамяшчэння людзей, тавараў і нават жывёл праз агульную мяжу дзвюх краін. Па-другое, міграцыйны крызіс даў штуршок для рэгіянальнай мілітарызацыі. Варшава ўдвая змяніла праграму аснашчэння і пашырэння сваіх узброеных сіл у маштабе, якога не было анідзе ў Еўропе. У адказ на нарастаючы дысбаланс у звычайных вайсковых магчымасцях з Польшчай Менск ініцыяваў працэс размяшчэння расейскай тактычнай ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі.

Аднак у сувязі з інцыдэнтамі з верталётам абодва бакі прадэманстравалі пэўную стрыманасць у сваіх адказах. У спробе зняць напружанасць Беларусь захоўвае бязвізавы рэжым для грамадзян Польшчы ды іншых грамадзян ЕЗ. Усе погляды Менска зараз скіраваныя на парламенцкія выбары ў Польшчы. Існуе малая верагоднасць таго, што пасля выбарчай кампаніі польскія чыноўнікі могуць быць больш адкрытымі для перамоваў і кампрамісаў з Менскам, але гэта толькі малая верагоднасць», – піша амерыканскае выданне.

«Беларусы, у тым ліку палітыкі, могуць зрабіць больш, каб зразумець некаторыя важныя факты пра Беларусь як нацыянальную супольнасць. Па-першае, беларускае нацыябудаўніцтва ўсё яшчэ працягваецца. Па-другое, беларускі нацыянальны рух з’явіўся пазней у параўнанні з рускімі і палякамі і быў менш паспяховым у параўнанні з іншымі суседзямі», – азначае еўрапейскае выданне Eurasiarewiew.

„Геаграфічнае становішча Беларусі паміж Польшчай і Расіяй адыгрывае вялікую ролю ў фармаванні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. У п’есе Янкі Купалы «Тутэйшыя» 1922 г. два яркія героі — рускі вучоны і польскі вучоны. Абодва мясцовыя жыхары, аднак расеец называе Беларусь Паўночна-Заходнім краем Расеі (паўночна-заходняя ўскраіна), а паляк называе Беларусь польскімі крэсамі Ўсходнімі (усходняя ўскраіна). Да пачатку ХХ стагоддзя беларусы агульнай назвы для сябе не мелі. Сёння Беларусь нашмат бліжэй да Расеі, чым да Польшчы. Пераважнае выкарыстанне рускай мовы ў паўсядзённых зносінах па ўсёй Беларусі тлумачыць значную частку гэтай карціны. Многія беларусы, якія эмігравалі ў Польшчу пасля паслявыбарчых пратэстаў 2020 года, аддаюць перавагу там застацца назаўжды, і іх 45 працэнтаў. І такая гатоўнасць матывавана не толькі палітыкай. Падзел паміж прарасейска настроенымі беларусамі і «заходнікамі» паглыбляецца, што не з’яўляецца добрым знакам для нацыябудаўніцтва. А вось заходнім палітыкам трэба набрацца цярпення і перастаць разглядаць Беларусь як просты працяг Расеі», – заклікае еўрапейскае выданне.

Шведская арганізацыя Right Livelihood выступіла з заявай аб рэпрэсіях супраць праваабаронцаў у Заходняй Сахары, Беларусі і Саудаўскай Аравіі на 54-й сесіі Рады па правах чалавека ААН у Жэневе і апублікавала асноўныя тэзы выступу ва ўласным выданні.

«У дакладзе Генеральнага сакратара ААН аб запалохванні і рэпрэсіях супраць праваабаронцаў, якія супрацоўнічаюць з ААН, адзначаецца павелічэнне колькасці законаў, накіраваных на абмежаванне грамадзянскай супольнасці. Гэта таксама пацвярджаецца рознаўзроўневым маніторынгам праваабаронцаў. У святле гэтых тэндэнцый мы папярэджваем Раду аб сітуацыі з праваабаронцамі ў Заходняй Сахары, Беларусі і Саудаўскай Аравіі, дзе актывісты пакутуюць ад сістэматычных рэпрэсій, законаў, накіраваных супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці, і адвольных турэмных прысудаў. Беларуская праваабарончая арганізацыя «Вясна», якая ў 2020 годзе атрымала прэмію «Правільнае жыццё», пацярпела ад рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці. Беларускія рэпрэсіўныя законы амаль цалкам знішчылі грамадзянскую супольнасць», – піша шведскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя