Cусветная прэса пра Беларусь: Беларускія эстафеты
Рэзалюцыя Еўрапарлямента называе рэжым Лукашэнкі „саўдзельнікам” ваенных злачынстваў Расеі, а Беларусь — „дзяржавай-спадарожнікам” Расеі. Пастка электраацяплення ў Беларусі.
У рэзалюцыі Еўрапарламента Беларусь аднесена да катэгорыі „дзяржавы-спадарожніка” Расеі, а яе кіраўніцтва — да „саўдзельніка” ваенных злачынстваў Расеі, заклікае ўвесці люстраныя санкцыі супраць Беларусі, звязаныя з Расеяй. „Нарэшце Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю пра дачыненне з Беларуссю, у якой еўрадэпутаты называюць Беларусь 2дзяржавай-спадарожнікам Расеі”, асуджаючы размяшчэнне расейскай ядзернай зброі на яе тэрыторыі, а Лукашэнку называюць „саўдзельнікам” злачынстваў, учыненых Расеяй ва Украіне. Рэзалюцыя таксама заклікае паўтарыць існуючыя санкцыі супраць Расеі ў дачыненні да Беларусі”, – піша міжнароднае выданне Euromaidan Press.
„Важны дакумент Еўрапарламента асуджае рэпрэсіі ды сістэматычныя і шырока распаўсюджаныя парушэнні правоў чалавека, якія бесперапынна здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі, і заклікае Беларусь вызваліць усіх палітычных зняволеных, членаў іх сем’яў і ўсіх адвольна затрыманых асоб.
Еўрапарламент асуджае незаконнае перамяшчэнне больш за 2150 дзяцей, у тым ліку дзяцей-сірот, з акупаваных Расеяй раёнаў Украіны ў так званыя аздараўленчыя лагеры ў Беларусі, дзе яны падвяргаюцца русіфікацыі і выхаванню”, – падкрэслівае міжнароднае выданне.
„Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін сустрэўся ў пятніцу са сваім беларускім саюзнікам, які выказаў здагадку, што Менск можа далучыцца да намаганняў Масквы па аднаўленні старога альянсу з Пхеньянам пасля саміту на гэтым тыдні з лідарам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам”, – піша эстонскае выданне Apnews.
У межах наведвання філіяла Гомельскія электрычныя сеткі РУП „Гомельэнерга” Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч агучыў асноўныя параметры работы энергасістэмы. Маўляў, аб’ём спажывання электраэнергіі ў краіне ў студзені – чэрвені 2023 года склаў 20,2 млрд квтг, што на 946 млн квтг больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года. „Гэта стварае ўражанне, што ў энергетыцы, ды і ўвогуле ў эканоміцы Беларусі ўсё добра – спажыванне электраэнергіі расце. Аднак падобных справаздачаў з лічбамі за першае паўгоддзе 2022 года не было”, – заўважае еўрапейскае выданне Іsans.
„Белстат перастаў публікаваць памесяцовую інфармацыю аб вытворчасці электраэнергіі з мая 2022 года, як бы намякаючы на тое, што выхваляцца ў 2022 годзе асабліва не было чым. Аднак зараз мы ведаем, што за студзень-чэрвень 2022 года спажыванне было роўна 19 200 000 000 кВтг. А таму вытворчасць у чэрвені была не толькі ніжэйшай за 2021 год, але таксама ніжэйшай, чым у 2020 годзе ў самы разгар пандэміі. Але і на гэтым яшчэ не ўсё. Спажыванне ў Беларусі апошнім часам стымулюецца пры дапамозе розных механізмаў. Адным з іх з’яўляецца выкарыстанне электраэнергіі насельніцтвам на патрэбы ацяплення і ўвядзенне вельмі нізкіх тарыфаў на электраацяпленне з неабходнасцю інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму Беларусі. У 2024 годзе абодва блокі АЭС будуць запушчаны і інтэграваны ў энергасістэму. Павялічваць электраспажыванне такім коштам далей будзе немэтазгодна. Верагодна, што праграма стымулявання электраспажывання не будзе працягнутая пасля 2025 года», – прагназуе еўрапейскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка