Cусветная прэса пра Беларусь: Намацаць повязі
Славакія не будзе накіроўваць амбасадара ў Беларусь. Чаму Еўропа павінна падтрымліваць беларускіх выгнаннікаў? Падыход Захаду да Беларусі збліжае Менск з Масквой.
На парламенцкіх выбарах у Славакіі перамагла партыя Smer (SSD, Smer – slovenska sociálna demokracia; Напрамак — сацыял-дэмакратыя) былога прэм’ер-міністра Славакіі Роберта Фіцо. Еўрапейскае выданне iSANS на сваіх старонках прагназуе, што значыць іх поспех для краіны і яе адносін з Беларуссю.
«Перамога партыі «Смер» чакалася, але яна аказалася больш павальнай. Большасць апытанняў прагназавалі ёй перамогу з невялікім адрывам, але яна апярэдзіла партыю «Прагрэсіўная Славакія» на 5% з-за таго, што Фіцо здолеў заручыцца падтрымкай часткі прыхільнікаў праваэкстрэмісцкай партыі. Пад кіраўніцтвам Фіцо Славакія зойме прарасейскую пазіцыю і спыніць дапамогу Украіне. Робэрт Фіцо адкрыта заявіў, што ня будзе ні пасылаць Украіне зброю, ні падтрымліваць імкненне Ўкраіны ўступіць у ЭЗ і НАТО; насамрэч ён мае намер прасоўваць палітыку замірэння. Фіцо выступае за некаторыя дыктатарскія рэжымы, але сумнеўна што лідэр партыі збіраецца прызначыць амбасадара ў Беларусь. Фіцо наведваў Беларусь, ён горача выступаў за супрацоўніцтва з яе ўладамі. Акрамя таго, ён дамагаўся сустрэч з Уга Чавесам і Фідэлем Кастра. Нядаўна Вугоршчына стварыла небяспечны прэцэдэнт, накіраваўшы свайго амбасадара ў Менск, але наўрад ці Робэрт Фіцо пойдзе тым шляхам, якім пайшла Вугоршчына. Ён не лічыць Беларусь ключавым кірункам, і ягонай партыі непатрэбная напружанасць ні з Захадам, ні ўнутры краіны. Больш за тое, узмацненне напружанасці падагравала б усе занепакоенасці, звязаныя таксама з унутраным развіццём Славакіі, пытаннямі дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона», – лічыць еўрапейскае выданне.
Праз тры гады пасьля дэмакратычнага паўстання ў Беларусі беларусы ў Эўропе сустракаюцца з усё большай падазронасцю, але цяпер больш чым калі-небудзь эўрапейскія лідэры павінны гарантаваць нязменную падтрымку беларускім эмігрантам. «Польшча і Літва былі галоўнымі саюзнікамі беларускага дэмакратычнага руху. Абедзве краіны прынялі дзясяткі тысяч беларускіх палітуцекачоў, а ў Вільні знаходзіцца офіс лідара дэмакратычных сіл Беларусі Святланы Ціханоўскай. Аднак калі польскія і літоўскія ўлады працягваюць афіцыйна падтрымліваць дэмакратычны рух, іх падыходы да беларускіх эміграцый пачынаюць разыходзіцца», – канстатуе еўрапейскае выданне European Council on Foreign Relations.
«Пасля фальшывых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года Аляксандр Лукашэнка і яго ўрад жорстка задушылі дэмакратычнае паўстанне. За наступныя тры гады краіна пераўтварылася ў міжнароднага ізгоя і ваеннага агрэсара. У выніку больш за 200 000 беларусаў уцяклі на Захад. І тут ігнараванне барацьбы беларускіх выгнаннікаў – ці яшчэ горш – стаўленне да іх з падазрэннем – грае на руку Лукашэнку. У апошнія гады Літва актыўна прымала тых, хто ўцякаў ад лукашэнкаўскага прыгнёту, многія беларускія выгнаннікі цяпер пачынаюць сумнявацца , ці працягнецца палітыка гасціннасці ў краіне. Змена поглядаў літоўцаў на беларусаў пачалася з вайны Расеі супраць Украіны, у якой урад Лукашэнкі адыграў неад’емны ўдзел. Літва прыпыніла афармленне віз і ўвяла візавыя абмежаванні для грамадзян Беларусі. У адрозьненьне ад Літвы, Польшча пакуль не адмаўляецца ад падтрымкі беларускіх эмігрантаў і неаднаразова адаптавала заканадаўства да іх патрэбаў. Тым самым Польшча прадэманстравала, як добразычлівая палітыка можа не толькі дапамагчы беларускім эмігрантам у іх барацьбе за дэмакратыю, але і прынесці карысць краіне, у якой яны шукаюць бяспекі.
На дадзены момант Польшча з’яўляецца іх галоўным абаронцам, але рост напружанасці паміж Варшавай і Кіевам дае востры ўрок таго, як падыходы могуць раптоўна змяніцца. Еўрапейцы павінны скарыстацца перавагамі наяўнасці беларускіх выгнаннікаў у ЕЗ праз, напрыклад, новыя прадпрыемствы, якія прыносяць беларусы, таленты ў ІТ-сектары і абмен ідэямі з актывістамі ў выгнанні», – заклікае аналітычнае еўрапейскае выданне.
Палітыка Захаду ў дачыненні да Беларусі залежыць ад жадання палітыкаў старанна вывучаць факты на месцах. У гэтым плане два наратывы, якія ляжаць у аснове падыходу Захаду, варагуюць адзін з адным. Некаторыя сцвярджаюць, што Беларусь стала неаддзельнай ад Расеі і што няма неабходнасці размяжоўваць палітычныя меры паміж імі, у тым ліку шырокія санкцыі. Іншыя адзначаюць, што хоць Беларусь празмерна залежная ад Расеі, ёсць відавочныя прыкметы аўтаноміі Беларусі. «Карныя захады з боку Захаду, якія яшчэ больш здушваюць гэтую прастору для манеўру, хутчэй за ўсё, падштурхнуць Менск яшчэ глыбей у арбіту Расеі», – заўважае амерыканская газета The Jamestown.
«Часовы кабінет міністраў» на чале са Святланай Ціханоўскай, якая жыве ў Вільні, з’яўляецца прыхільнікам наратыву пра тое, што Беларусь стала проста васалам Расеі. Крэмль зыходзіць з меркавання, што эфектыўна кіраваць пераходам дзяржаўнай улады ў Беларусі можна будзе праз датэрміновыя выбары і ціхі сыход Лукашэнкі, які страціў значную электаральную падтрымку. Аднак з вайной супраць Украіны ў Крамля практычна няма прагматычных варыянтаў замены Лукашэнкі. Даволі сумнеўна, што Масква здолее правесці сваіх абраных кандыдатаў падчас парламенцкіх выбараў у Беларусі ў 2024 годзе. Намаганні афіцыйнага Менска ўтрымаць Беларусь ад суседняй вайны падкрэсліваюць яе аўтаномію ад Расеі, хаця Беларусь, тым не менш, працягвае падтрымліваць многія палітыкі Крамля. Цэнтральная і Усходняя Еўропа павінны адрозніваюць гэтыя нюансы, каб фармаваць падыход да гэтага рэгіёну», – нагадвае амерыканскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка