Cусветная прэса пра Беларусь: не заўважыць галоўнага



Антысемітызм у Беларусі эпохі Лукашэнкі. Мары пра дынастыю?

У эфіры Беларусі дзяржТВ адкрыта нападаюць на яўрэяў, а беларускія дэмсілы недаацэньваюць значэнне гэтай тэмы. «На змену адлігі другой паловы 2010-х у жніўні 2020 года прыйшла суровая палітычная зіма. Працэс па справе сузаснавальніка цэнтра падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання «100 балаў» Лівянта асвятляўся ў дзяржаўнай прэсе, якая хаця адкрыта і не выкарыстоўвала антысеміцкія наратывы, але рабіла зразумелыя яе аўдыторыі намёкі, кшталту «барыга-яўрэй» і «зажэрты паразіт», – піша нямецкае выданне Deutsche Welle.

«Доўгі час Беларусь была адным з сімвалаў яўрэйскай прысутнасці ў Еўропе. Сёння можна, аднак, казаць аб паступовым завяршэнні габрэйскай гісторыі Беларусі. За апошнія дзесяцігоддзі дзясяткі тысяч яўрэяў пакінулі краіну па эканамічных, сацыяльных, палітычных і рэлігійных прычынах. Падаўленне пратэстаў у 2020 годзе і ўзмацненне жорсткасці рэжыму дало новы імпульс эміграцыі: толькі ў Ізраіль, паводле звестак яго ўладаў, за апошнія тры гады з Беларусі выехала каля 4500 чалавек. Афіцыйны Мінск успрымае зыход грамадзян яўрэйскага паходжання і іх сем’яў спакойна. Стаўленне рэжыму Лукашэнкі да яўрэйскай меншасці можна назваць індыферэнтным. Ён не садзейнічаў развіццю яўрэйскага жыцця ў краіне, але і не ставіў палкі ў колы. У беларускім грамадстве яўрэі, як гэта наглядна дэманструе апісаны Яўгенам Лівянтам прыклад з 2014 года, успрымаюцца хутчэй як чужынцы, адносіны да якіх можна ў цэлым назваць памяркоўнымі. Ацаніць узровень антысемітызму ў беларускім грамадстве складана: сур’ёзныя апытанні ў апошнія гады не праводзіліся. Прадвеснікам новага трэнду сталі абсурдныя чуткі пра габрэйскае паходжанне (альбо ізраільскае грамадзянства) праціўнікаў Лукашэнкі – Віктара Бабарыка, Валерыя Цапкалы і Святланы Ціханоўскай, якія распаўсюдзіліся яшчэ да выбараў. Аўтары фальшыўкі відавочна спадзяваліся на тое, што гэта пашкодзіць рэпутацыі дэмакратычных кандыдатаў. Пасля выбараў аб’ектамі антысеміцкіх нападак сталі актывісты, журналісты і палітолагі, якія падтрымалі пратэсты, чыё яўрэйскае паходжанне наўмысна падкрэслівалася», – паведамляе нямецкае выданне.

***

Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацікаўлены ў захаванні пасады кіраўніка дзяржавы калі не за сабой, то за 47-гадовым Віктарам Лукашэнкам. «І спадзяецца дасягнуць кампрамісу з заходнімі краінамі», – піша ўкраінскае выданне cbc.org.ua.

«Менск усведамляе непазбежнасць паразы Расеі ў вайне з Украінай і тое, што наперадзе новыя мірныя дамоўленасці. Лукашэнка можа паспрабаваць выгаварыць для сябе нейкую пазіцыю бяспекі ў гэтых мірных пагадненнях, напрыклад, вывесці войскі Расеі з Беларусі, не размяшчаць ядзерную зброю і пакінуць усё як ёсць, вярнуць да статус-кво да 2022 года. І Захад на гэта пойдзе. Каб абараніцца ад пераследу, Лукашэнка можа вызваліць і палітвязняў. У гэтым выпадку ён будзе спадзявацца, што Захад не будзе патрабаваць палітычнай трансфармацыі рэжыму. Для Лукашэнкі гэты варыянт мірных дамоўленасцей абсалютна ідэальны. Пры тым ён бачыць наступным прэзідэнтам Беларусі свайго старэйшага сына Віктара. Кіраўніца верхняй палаты беларускага парламента Наталля Качанава, якую апошнім часам называюць імавернай пераемніцай Лукашэнкі, выклікае недавер у сілавікоў. Таму ў выніку ценявым куратарам сектара бяспекі ўлады ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца Віктар Лукашэнка», – канстатуе ўкраінскае выданне.

***

Каманда даследчыкаў iSANS скончыла працу над пілотным дакладам «Заклікі да генацыду ў адносінах да ўкраінцаў у расейскай і беларускай прапагандзе» і апублікавала вынікі ва ўласным аднайменным выданні.

«З самага пачатку падрыхтоўкі да шырокамаштабнай вайны расейская і беларуская прапаганда паўтарала, што ніякай Украіны няма, што яна з’явілася штучна толькі дзякуючы памылцы савецкай улады, а « ўкраінцы – гэта рускія, якіх пераканалі ў тым, што яны асаблівыя рускія» . Прапаганда прыніжала, здзекавалася і дэманізавала ўкраінцаў, называючы Украіну «анты-Расеяй» і сцвярджаючы, што ад яе зыходзіць экзістэнцыйная пагроза. Тым самым стваралася абгрунтаванне для ўварвання, якое легітымізуе будучыя зверствы і злачынствы. Сфармуляваная на самым высокім узроўні антыўкраінская дзяржаўная палітыка і сістэматычныя выказванні лідараў дзяржаў стварылі добрую глебу для з’яўлення больш радыкальных і агрэсіўных выказванняў у Расеі і Беларусі. Перад уварваннем і падчас агрэсіі масіўная прапагандысцкая машына распальвала ў мільёнаў расіян, беларусаў і іншых шматмільённых аўдыторый варожасць да ўкраінцаў, у штодзённым рэжыме транслюючы па тэлебачанні і інтэрнэце мову нянавісці. Сярод усяго масіву антыўкраінскіх прапагандысцкіх выказванняў цалкам выразна вылучаюцца заклікі да знішчэння ўкраінцаў, тых, хто, па версіі расійскай і беларускай прапаганды, не хоча адмаўляцца ад свайго ўкраінства. Заклікі да знішчэння ўсіх ці часткі ўкраінцаў змяшчаюць у сабе відавочныя прыкметы парушэння Канвенцыі аб генацыдзе. Асобным кірункам ёсць заклікі да прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею і іх незаконнаму ўсынаўленню, што ўяўляе сабой самастойнае злачынства. Мы спадзяемся, што сабраныя ў рамках гэтага дакладу і далейшых даследаванняў пасведчання ўвойдуць у доказную базу міжнародных судоў і дапамогуць прыцягнуць дзеячаў расейскай і беларускай прапаганды да адказнасці за здзейсненыя імі злачынствы», – падкрэслівае міжнароднае даследчае выданне.

Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка.