Cусветная прэса пра Беларусь: „Радзіма чуе, Радзіма ведае…”



Актыўнасць беларускага КДБ у Літве на „гістарычным максімуме”.  МФКК прыпыніў сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа. ЕЗ асуджае новую хвалю пераследу дэмакратычных сілаў у Беларусі.

„У Літве зараз назіраецца беспрэцэдэнтная актыўнасць КДБ Беларусі. Мы бачым актывізацыю актыўнасці, у прыватнасці, з боку КДБ Беларусі, якая фактычна знаходзіцца на гістарычным максімуме; ніколі раней не было так інтэнсіўна”, – цытуе кіраўніка Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Дарыуса Яўнішкіса мясцовае LRT RADIO.

„Паводле слоў Яўнішкіса, некаторыя прадстаўнікі значнай беларускай дыяспары ў Літве выклікаюць пэўныя асцярогі ў спецслужбаў. Нельга забываць, што ў Літве вельмі вялікая беларуская дыяспара. Асобы прыходзяць сюды і, па сутнасці, уздымаюць пэўныя контрвыведныя пытанні. Аднак распаўсюд расейскай прапаганды таксама ўзмацняецца і ў Літве. Расея затармазіла гэтую актыўнасць, магчыма, калі пачала вайну ва Украіне, таму што разлічвала на вельмі лёгкую перамогу і там затрымалася, але цяпер адчуваецца пэўная актывізацыя. Пры гэтым няма інфармацыі пра тое, што расейскія ці беларускія службы спрабуюць завербаваць літоўскіх дзяржаўных чыноўнікаў, дзяржслужачых або палітыкаў. Нядаўняе ўзмацненне пагроз ілжывых выбухаў, накіраваных на школы і іншыя месцы ў Літве, з’яўляецца часткай інфармацыйных нападаў варожых сіл. Што тычыцца ўсіх гэтых пагроз падарваць школы, пэўныя ўстановы, гідраэлектрастанцыі або аэрапорты –  гэта інфармацыйныя аперацыі, накіраваныя на тое, каб унесці блытаніну ў нашы розумы, настроіць нас адзін супраць аднаго і прымусіць нас жыць у дзяржаве і  ўвесь час  у нявызначанасці”, — піша літоўскае выданне.

„З Жэневы прыйшла інфармацыя аб прыпыненні з 1-га снежня Членства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай Федэрацыі Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП)”, – піша разам з іншымі выданнямі свету індыйская газета The Times of India.

„Прыпыненне членства з’яўляецца вынікам невыканання Беларускім Чырвоным Крыжом патрабавання аб зняцці з пасады сп. Дзмітрыя Шаўцова, Генеральнага сакратара Нацыянальнага таварыства. Гэта вынікае з  рашэння Праўлення МФТЧКіЧП ад 3 кастрычніка 2023  года па выніках расследавання абвінавачанняў у адрас Генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, выкліканымі яго заявамі, у тым ліку аб ядзернай зброі і аб перамяшчэнні дзяцей у Беларусь, а таксама яго візітам у Луганск і Данецк. Прыпыненне членства азначае, што Беларускі Чырвоны Крыж губляе свае правы члена МФТЧКіЧП. Любое новае фінансаванне ў адносінах да Беларускага Чырвонага Крыжа таксама будзе прыпынена. Акрамя таго, Беларускі Чырвоны Крыж не зможа ўдзельнічаць у Генеральнай Асамблеі МФТЧКіЧП, а таксама галасаваць або быць абраным на якіх-небудзь статутных сходах МФТЧКіЧП. Беларускі Чырвоны Крыж можа быць адноўлены ў сваіх правах, як толькі Нацыянальнае таварыства выканае рашэнне Праўлення ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Камітэта па выкананні прававых нормаў і пасярэдніцтве. МФТЧКіЧП па-ранейшаму цвёрда адданая таму, каб рэагаваць на гуманітарныя патрэбы ў Беларусі. У выпадку бедства ці сур’ёзнай надзвычайнай сітуацыі гуманітарны імператыў будзе мець пераважную сілу. Таму МФТЧКіЧП будзе ацэньваць сітуацыю сумесна з уладамі і іншымі зацікаўленымі бакамі, каб вызначыць найлепшы падыход да забеспячэння ўразлівых супольнасцяў гуманітарнай дапамогай. Добрасумленнасць і прыхільнасць нашым Асноўным прынцыпам  займаюць цэнтральнае месца ў тым, кім мы з’яўляемся і што мы робім”, – цытуе зварот Міжнароднай Федэрацыі Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца індыйскае выданне.

„29 лістапада  Еўразвяз асудзіў апошнія напады на прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў і іх сем’і, якія з’яўляюцца чарговым жаласным прыкладам рэпрэсій і злоўжыванняў уладай, якія працягваюцца Лукашэнкам і яго рэжымам”, – паведамляе еўрапейскае выданнеThe Euneighbourseast.

„У аўторак улады правялі ператрусы ў кватэрах ключавых дзеячаў беларускіх дэмакратычных сіл і членаў іх сем’яў і абвясцілі аб канфіскацыі маёмасці. Улады ў Менску разгарнулі новую хвалю пераследу прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі. Напады накіраваныя на запалохванне і ліквідацыю патэнцыйных палітычных апанентаў, асабліва напярэдадні парламенцкіх выбараў у лютым наступнага года. ЕЗ  працягне падтрымліваць усіх тых, хто мужна выступае за незалежную і дэмакратычную Беларусь, і гатовы прадпрымаць далейшыя дзеянні ў адказ на захаванне сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека. Жазэп Барэль таксама заклікаў рэжым устрымацца ад любых далейшых рэпрэсіяў і гвалту супраць беларускага народу і неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных вязьняў”, – адзначае еўрапейскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка