Cусветная прэса пра Беларусь: Успомніць Беларусь



Пра што трэба памятаць замежным журналістам, калі пішуць пра Беларусь? Новы смяротны прысуд у Беларусі. Хто найстарэйшы прызнаны дыктатар – Пуцін ці Лукашэнка?

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ўвага свету відавочна адышла ад унутрыпалітычных пытанняў Беларусі. Спажыўцы навін, як правіла, больш зацікаўлены ў сувязі Беларусі з асноўнымі актарамі вайны, якая працягваецца. Беларусь дазволіла Расеі выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для нападаў на Украіну, а раней у гэтым годзе прыватная ваенная кампанія Вагнера была пераведзена ў Беларусь пасля яе спробы паўстання ў Расеі.

„Між тым, атрымліваць інфармацыю пра падзеі ўнутры Беларусі становіцца ўсё цяжэй, а выконваць сваю працу журналістам становіцца ўсё больш небяспечна. Сярод іншых наступстваў патэнцыйныя крыніцы адмаўляюцца размаўляць з журналістамі нават на ўмовах ананімнасці, баючыся трапіць у турму», – піша міжнароднае выданне International Center for Journalists.

«Пры меншым асвятленні ў навінах тым, хто знаходзіцца за межамі краіны, можа быць лёгка зрабіць памылковую выснову, што ўсё ў парадку. Беларускім журналістам важна тлумачыць калегам з-за мяжы, чаму трэба больш расказваць пра Беларусь. Варта на фота людзям, якія ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту, замазваць твары, каб пазбегнуць помсты з боку дзяржавы. Лепш не распаўсюджваць запісаныя прызнанні, у якіх людзі раскайваюцца ў сваіх злачынствах перад рэжымам. Гэтыя відэа часта здымаюць пасля арыштаў, калі на людзей аказваюць ціск, у некаторых выпадках нават катаванні. У некаторых выпадках можа спатрэбіцца зрабіць ананімнымі крыніцы з меркаванняў бяспекі. Знайсці экспертаў у Беларусі для рэпартажаў ужо ёсць праблемай. Іх у краіне засталося вельмі мала, а тыя, што засталіся, не жадаюць прыцягваць да сябе лішняй увагі спецслужбаў. У Беларусі дзейнічае магутная прапагандысцкая машына: замежным журналістам важна крытычна асвятляць афіцыйныя заявы і заклікі беларускага рэжыму», – заклікае міжнароднае выданне.

«19 кастрычніка ЕЗ заклікаў Беларусь увесці мараторый на прымяненне смяротнага пакарання ў якасці першага кроку да яго поўнай адмены ў адпаведнасці з сусветнай тэндэнцыяй», – піша еўрапейскае выданне The EU Neighbours East.

«Званок прагучаў пасля таго, як стала вядома, што Менскі абласны суд Беларусі прыгаварыў да смяротнага пакарання Аляксандра Таратуту, асуджанага за забойства. У заяве, апублікаванай Пітэрам Стано, вядучым прэс-сакратаром па замежных справах і палітыцы бяспекі, ЕЗ выказаў «шчырыя спачуванні блізкім ахвяры і ўсім, хто пацярпеў ад яго жорсткага злачынства». У той жа час ЕЗ зноў пацвердзіў сваё адназначнае выступленне супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках і пры любых абставінах. Смяротнае пакаранне ўяўляе сабой канчатковае адмаўленне чалавечай годнасці, не дзейнічае як фактар стрымлівання злачыннасці і робіць незваротнымі судовыя памылкі. Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль прымяняецца смяротнае пакаранне», – адзначае еўрапейскае выданне.

Дэмакратычныя лідары і дэмакратычны свет мелі справу з Пуціным, як з Бакасам і Лукашэнкам, насуперак усяму. Калі пачалося шырокамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну, сусветныя лідары пачалі тэлефанаваць Пуціну, каб пераканаць яго, заклікаць апамятацца, пайсці на перамовы і спыніць гвалт. «Гэта мела толькі адзін эфект: Пуцін любіў, калі з ім размаўлялі. Дыктатарская Расея на чале з аўтакратычным прэзідэнтам дагэтуль з’яўляецца сябрам шэрагу міжнародных арганізацыяў, у тым ліку ААН, працягвае заставацца бізнес-партнёрам нават для краін-сябраў ЕЗ», – наракае ўкраінскае выданне nv.ua.

«Яшчэ адзін скачок у часе. «Апошні дыктатар Еўропы» — так называецца дакументальны фільм, зняты ў 2003 годзе беларускім рэжысёрам Юрыем Калінам. Гаворка ішла пра вынікі тагачасных дзевяці гадоў безапеляцыйнага прэзідэнцтва ў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Праз дзевяць гадоў, у 2012 годзе, брытанскія журналісты выпусцілі аднайменны фільм. Сілавікі жорстка зрываюць паказ у Менску. Вы не паверыце: у 2010 годзе нават расейскія СМІ называлі Лукашэнку апошнім дыктатарам Еўропы! Дыктатарскі статус не перашкодзіў заходнім лідарам скарыстацца запрашэннямі дыктатара і з восені 2014 года абраць Менск пляцоўкай для перамоваў па расейска-ўкраінскай вайне. Ніхто не спрабаваў наўпрост купіць Пуціна за грошы, супакоіўшы яго такім чынам. Калі дэмакратычны свет нават наважыцца разарваць усе сувязі з дыктатарам і ізаляваць яго, нічога прынцыпова не зменіцца. Тэрыторыя занадта вялікая. Чакаць фізічнай смерці Пуціна – не варыянт. Бо колькі б дзён, месяцаў ці гадоў ён ні пражыў, ва Украіне, Ізраілі і іншых гарачых кропках, куды дыктатар падкідвае дровы, будуць гінуць людзі. Адзіная надзея заключаецца ў тым, што аднойчы, спадзяемся, не надта далёкі, кожны дасягне кропкі, калі зразумее, што дыктатара трэба пазбавіць сілы», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя