Cусветная прэса пра Беларусь: Застацца ў Беларусі
Чаму беларусы засталіся ў Беларусі. Чучала льва, сумныя здзелкі і пустыя словы — толькі бачныя вынікі зімбабвійска-беларускага фэсту кахання. Беларусь атрымала балістычную ракету кітайскай вытворчасці.
У 2020 годзе Лукашэнка разгарнуў кампанію беспрэцэдэнтных палітычных рэпрэсій, якая не спыняецца дагэтуль. За тры гады дзясяткі тысяч людзей падвергліся адміністрацыйным арыштам, крымінальнаму пераследу, розным формам катаванняў і здзекаў. Эмігравала ад 200 да 500 тысяч чалавек. Амерыканскае выданне Тут Open Democracy распавядае пра людзей, якія вырашылі застацца ў краіне, нягледзячы на рэпрэсіі, з якімі сутыкаюцца.
«Калі ў часы сталінскіх рэпрэсій «чорныя крумкачы» (так празвалі машыны сталінскай «ахранкі» і НКУС) прыляталі ўначы, то цяпер сілавікі любяць урывацца ў кватэры з самай раніцы. Многія беларусы лічаць, што асноўная маса затрыманняў прыпадае на канец працоўнага тыдня, у чацвер ці пятніцу. Асабліва для тых, хто ўжо быў затрыманы, гэта самы трывожны час. Затрыманні адбываліся ўсюды: на вуліцы, на працы, у цырульні ці ў школе, падчас сустрэчы з настаўнікам. Часта гэта робіцца з дэманстратыўнай і зусім непрапарцыйнай жорсткасцю. Часта людзей больш за ўсё палохае не сама турма, а рызыка падвергнуцца катаванням. Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе 29 гадоў, за якія Беларусь трывала замацавала імідж «апошняй дыктатуры Еўропы», дзе пратэсты жорстка разганяюцца, а апазіцыя і журналісты пераследуюцца. Для вонкавага назіральніка розніца паміж Беларуссю да і пасля 2020 года можа здацца не такой ужо прынцыповай – краіна была і застаецца недэмакратычнай. Але на самой справе адрозненні каласальныя. Усё гэта пазбаўляе беларусаў магчымасці ведаць, што такое бяспечна. Чалавек можа цалкам адмовіцца ад публічнага выказвання сваёй грамадзянскай пазіцыі, адмовіцца ад падпіскі на «экстрэмісцкія» СМІ і выдаліць свае акаўнты ў сацыяльных сетках. Але праз некалькі гадоў сілавікі выявяць іх фота на мірнай акцыі пратэсту, крамольны лайк, каментар ці рэпост – і яны сядуць за краты», – піша амерыканскае выданне.
***
Ад трохдзённага дзяржаўнага візіту Лукашэнкі ў Зімбабвэ ў студзені 2023 года да «ўзаемнага» візіту першай лэдзі афрыканскай краіны ў красавіку, падчас якога яна абмеркавала дзяржаўныя справы, паміж Харарэ і Менскам адбыўся шквал візітаў за апошні час. «Паказнікі з абедзвюх краін паказваюць, што чаўнаковая дыпламатыя і гандлёвыя прадстаўніцтвы вельмі мала прыносяць карысці, па меншай меры, законнаму бізнесу ў Беларусі», – наракае міжнароднае выданнеIntellinews.
„Урады падпісалі восем пагадненняў аб сельскагаспадарчым і горназдабыўным абсталяванні і супрацоўніцтве ў сферы адукацыі падчас першага візіту Лукашэнкі ў Афрыку на поўдзень ад Сахары. Яшчэ пяць былі падпісаны падчас зімбабвійска-беларускага бізнес-форуму, які прайшоў адначасова з яго візітам.
Аўксілія Мнангагва, першая лэдзі, зафрахтавала самалёт у Менск праз месяц у суправаджэнні сваіх сыноў-блізнят. На радзіме яе напаткала крытыка, што яна выкарыстала прыватную паездку, каб абмеркаваць з Лукашэнкам дзяржаўныя справы. Закон Зімбабвэ не надзяляе першай лэдзі афіцыйнай урадавай роляй. Трэцяй прыкметнай асобай, якая бачная на фоне стасункаў Беларусь-Зімбабвэ, гэта Аляксандр Зінгман, беларус з вялікімі сувязямі, які мае бізнес-інтарэсы ў 16 афрыканскіх краінах і вядомы, як гандляр зброяй, што знаходзіцца пад санкцыямі ЗША. А вось па факце, адзіная прыкметная рэч, якую Беларусь атрымала ад адносінаў з Зімбабвэ — гэта пудзіла льва, якога Мнангагва падарыў Лукашэнку ў студзені. Transparency International прызнала Зімбабвэ 157-й самай карумпаванай краінай у 2022 годзе са 180 апытаных. Беларусь апынулася на 39-м месцы», – падсумоўвае міжнароднае выданне.
***
У апошнім паведамленні Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь абвесціла ўвод у эксплуатацыю новай рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Паланэз-М».
«З нагоды прыёмкі новай рэактыўнай сістэмы залпавага агню адбыўся ўрачысты парад з удзелам асабовага складу брыгады, у якім прыняў удзел начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл генерал-маёр Віктар Гулевіч», – перадае амерыканскае выданне The Defence-blog.
„Гулевіч акцэнтаваў увагу на магчымасцях ракетнага комплексу «Паланэз-М», які можа адначасова паражаць да васьмі аб’ектаў на адлегласці да 300 кіламетраў, падкрэсліўшы яго беспрэцэдэнтныя магчымасці ў некаторых аспектах. Ён павіншаваў асабовы склад брыгады з набыццём новага мадэрнізаванага комплексу з павышанымі баявымі характарыстыкамі. Аднак падчас прэзентацыі дэманстраваліся толькі рэактыўныя ўстаноўкі ракетнага комплексу без уласна ракет. Варта адзначыць, што Беларусь не мае ўласнай вытворчасці ракет далёкага дзеяння і ракетных сістэм. Комплекс «Паланэз» распрацаваны з выкарыстаннем ракет і боепрыпасаў кітайскай вытворчасці.
Гэтая новая версія «Паланэза», падобна, адаптаваная для выкарыстання з цвёрдапаліўнай балістычнай ракетай М20 з заяўленай далёкасцю 280 кіламетраў. Раней гэтая ракета была выстаўленая ў 2017 годзе побач з комплексам «Паланэз» у сталіцы Беларусі Менску. Ракета здольная манеўраваць у палёце, выконваючы манеўр падцягвання на канчатковай фазе. Выкарыстоўваючы GPS і інерцыяльнае навядзенне, ракета можа знішчыць мэту з дакладнасцю да Верагоднай кругавой памылкі (CEP) у 30 метраў», – адзначае амерыканскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя