Cусветная прэса пра Беларусь: Пад беларускім прыкрыццём
Cапраўдная роля Лукашэнкі ў адхіленні ўнутранага крызісу ў Расеі. Хто заплаціць за ПВК «Вагнер» у Беларусі? Як ІТ-сектар Беларусі адаптуецца да новых рэалій.
Дыскусія пра ролю прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў спыненні расейскага мецяжу не сціхае: у Менску, сярод беларусаў у эміграцыі і сярод назіральнікаў за Беларуссю па ўсім свеце. «Лукашэнка, магчыма, заваяваў пазіцыі, але толькі ў Расеі. Выконваючы тую ролю, якую ён выконваў, беларускі дыктатар фактычна ўступіў у шэрагі расейскіх грандаў, якія змагаюцца за прыхільнасьць Пуціна, ухіляючы раздражняльныя праблемы, якія маглі б адцягнуць прэзыдэнта ад ягоных геапалітычных махінацый. Тым самым Лукашэнка ня толькі не павысіў свайго міжнароднага аўтарытэту, але і знізіў сябе да гульца выключна ў «рускім свеце», – піша амерыканскі штотыднёвік The Jamestown.
«Лукашэнка хоча быць нявестай на кожным вяселлі, нябожчыкам на кожным пахаванні і дзіцем на кожны хрэсьбінах. Аднак якую ролю ён можа адыграць , калі ён ня можа нават зазірнуць у беларускія сховішчы расейскай ядзернай зброі без дазволу Пуціна. У сваім пасланні да нацыі 1 ліпеня з нагоды Дня Незалежнасці Лукашэнка паспрабаваў супакоіць унутраную і міжнародную занепакоенасць, звязаную з будучай прысутнасцю Вагнера. Вядома, што ПВК «Вагнер» ў вайсковую апэрацыю Расеі быў запрошаны вясной мінулага году, калі аказалася, што рэгулярнае войска ня спраўляецца з задачай. Аднак ніякага пратаколу ўзаемадзеяння дзвюх структур — арміі і групоўкі наймітаў — так і не аформілі. І цяжка ўявіць, каб нешта падобнае магло ўвасобіцца ў лукашэнкаўскай Беларусі», – канстатуе амерыканскае выданне.
Лукашэнка падкрэслівае, што лагеры ПВК „Вагнер” на тэрыторыі Беларусі не будуць фінансавацца з бюджэту краіны. Імкнучыся паказаць сябе руплівым гаспадаром, Лукашэнка яшчэ і страхуецца (магчыма нават свядома), каб не апынуцца на адной, хай хутчэй за ўсё і віртуальнай, лаве падсудных з Пуціным.
“Эксперты ў галіне міжнароднага права мяркуюць, што прызнанні Пуціна ў дзяржаўным фінансаванні “Вагнера” хоць і не робяць яго аўтаматычна адказным за злачынствы ПВК, але ствараюць дадатковыя перадумовы для расследавання і пагаршаюць пазіцыі прэзідэнта РФ у рамках будучага судовага разбору”, – піша амерыканскі штотыднёвік The Guardian.
„Для Пуціна гэтая дэталь мае, зрэшты, другаснае значэнне: на пажыццёвае зняволенне ён “зарабіў” і без “прыгожынцаў”. Нават калі суда не будзе, дэбаты аб адказнасці за злачынствы “Вагнера” могуць падштурхнуць міжнародную юрыдычную супольнасць больш задумацца аб адказнасці ў свеце ўзброеных груповак, якія пашыраюцца. Судам будзе важна і цяжка высветліць, хто адказны за канкрэтныя дзеянні, якія адбываюцца ў тумане вайны, якая стала яшчэ больш туманнай”, – наракае амерыканскае выданне.
Геапалітычныя падзеі прымусілі ІТ-кампаніі Беларусі з цяжкасцю адаптавацца. Але ёсць надзея на будучыню. «Грамадзянская супольнасць Беларусі змагаецца за будучыню ў Еўропе. Прыкладам, ІТ-кампаніі больш не разлічваюць на свой цэнтр распрацоўкі ў Беларусі», – піша еўрапейскае выданне Emerging-europe.
«У цяперашні час каля 60 працэнтаў гэтых распрацоўшчыкаў знаходзяцца ў іншых месцах. Гэтаму спрыяла і палітычная сытуацыя ў Беларусі, бо многія людзі перасталі адчуваць сябе ў бясьпецы і з’ехалі. Будучыня таксама будзе залежаць ад таго, як будзе развівацца сацыяльна-эканамічная і, галоўнае, палітычная сітуацыя ў бліжэйшы час. І IT-сектар у Беларусі рос у геаметрычнай прагрэсіі. У 2025 годзе Парку высокіх тэхналогій споўніцца 20 гадоў. ІТ-сфера яшчэ зусім нядаўна была адной з самых буйных і хутка развіваючыхся галін беларускай эканомікі. У 2016 годзе яна складала 3 працэнты эканомікі краіны і вырасла да 5,8 працэнта валавой дабаўленай вартасці (ВДА) у 2021 годзе.
У выніку гэтага росту доля інфармацыйна-камунікацыйнага сектара ў ВУП Беларусі была адной з самых вялікіх у Еўропе. З доляй 7,4 працэнта ў агульным ВУП у 2021 годзе Беларусь зраўнялася з Эстоніяй і апярэдзіла ўсе суседнія краіны. У перыяд з сакавіка па снежань 2022 года малыя, сярэднія і буйныя ІТ-кампаніі страцілі 17 200 супрацоўнікаў, што складае каля 20 працэнтаў ад агульнай колькасці супрацоўнікаў у ІТ-індустрыі. Яшчэ ёсць шанец, што ў Беларусі будзе менш стасункаў з Расеяй і больш з суседзямі з Захаду і сітуацыя палепшыцца. Сёння гэта сапраўды важна, што адбудзецца ва Украіне, у тым ліку і для Беларусі. І дае надзею беларускаму ІТ-сэктару і кампаніям зь беларускімі каранямі, што неўзабаве яны зноў будуць мець больш шырокую прысутнасьць у краіне», – падкрэслівае еўрапейскі штотыднёвік.
Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка