Cвятлана Ціханоўская і Анджэй Дуда абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская абмеркавала з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам сітуацыю ў Беларусі.
Фота: t.me/tsikhanouskaya
Сустрэча адбылася 4 чэрвеня ў Варшаве, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай. Прысутнічалі таксама яе прадстаўнік па міжнародных пытаннях Валерый Кавалеўскі і кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка.
„Ціханоўская падзякавала Дуду за ініцыяваны Польшчай і прыняты ЕС план дапамогі для дэмакратычнай Беларусі і ўсебаковую дапамогу Беларусі: праграму Каліноўскага, падтрымку незалежных медыя, у тым ліку „Белсата”, дапамогу людзям і бізнесам, якім давялося рэлакавацца, падтрымку Цэнтра беларускай салідарнасці і Беларускага дома”, — гаворыцца ў паведамленні.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі, як дапамагчы бацькам затрыманага Рамана Пратасевіча і пераканацца, што „вінаватыя ў захопе самалёта панясуць адказнасць”, а таксама як паскорыць працэс распачынання крымінальных спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Польшчы, куды пераехалі многія беларусы, ратуючыся ад пераследу рэжыму.
Бакі таксама казалі пра тое, як „узмацніць эканамічны і палітычны націск на Лукашэнку з дапамогай санкцый і прызнання рэжыму тэрарыстычным”.
Ціханоўская падкрэсліла недапушчальнасць гандлю палітвязнямі. „Усе нявінныя людзі павінны выйсці на волю. Гэта не можа быць прадметам торгу. Мы бачылі, у якім стане Раман. Ён — закладнік рэжыму, і мы павінны зрабіць усё, каб вызваліць Рому і тысячы людзей, якія знаходзяцца ў такіх жа бесчалавечных умовах”, — сказала яна.
Дуда ў сваю чаргу заявіў, што Польшча застаецца прыхільнай абароне правоў і свабод грамадзян Беларусі. „Мы верым, што кожны народ мае права жыць свабодна па ўласным жаданні”, — цытуе Дуду яго прэс-служба.
Кіраўнік бюро міжнароднай палітыкі пры прэзідэнце Польшчы Кшыштаф Шчэрскі адзначыў, што адным з галоўных пытанняў для Польшчы таксама з’яўляецца „пераслед і рэпрэсіі ў дачыненні да палякаў у Беларусі”.