Да 30 верасня расейскія войскі пакінуць Беларусь



Асабісты склад, узбраенні, ваенная і спецыяльная тэхніка часцей беларускай арміі, задзейнічаных у вучэннях „Захад-2017”, да 30 верасня вернуцца ў месцы пастаяннай дыслакацыі. Расейская групоўка войскаў да гэтага тэрміну вернецца ў Расію, паведаміў 29 жніўня на брыфінгу ў Менску начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі, кіраўнік вучэнняў ад беларускага боку генерал-маёр Алег Белаконеў.

Сумесныя стратэгічныя вучэнні пройдуць на тэрыторыі Беларусі 14—20 верасня.

Белаконеў звярнуў увагу на тое, што аналагічныя вучэнні рэгулярна праводзяцца на тэрыторыі Расеі. У іх ад Узброеных сіл Беларусі пастаянна ўдзельнічаюць групоўкі ў некалькі тысяч чалавек. „Пры гэтым ніхто — ні ў Расеі, ні ў іншых краінах — не абураецца і не прагназуе міфічную акупацыю расійскіх абласцей. Як гэта робіцца сёння асобнымі аналітыкамі і СМІ ў дачыненні да некалькіх тысяч расейскіх вайскоўцаў, якія прыбылі і якія прыбываюць на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў за год да гэтага абвешчаных вучэннях”, — сказаў начальнік Генштаба.

Пры гэтым ён заявіў, што ніякіх іншых вучэнняў у гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі праводзіцца не будзе.

„Захад-2017” — вучэнні абарончага характару, якія пацвярджаюць курс Беларусі на ўмацаванне рэгіянальнай бяспекі і прыхільнасць саюзніцкім абавязацельствамі з Расеяй, падкрэсліў Белаконеў.

Паводле яго слоў, рэгіянальная групоўка войскаў, якая будзе адпрацоўваць навучальна-баявыя задачы падчас вучэнняў, таксама прызначаная для арганізацыі бяспекі ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі. „Таму навучанасць войскаў групоўкі ёсць фактар забеспячэння міру і спакою ў гэтым рэгіёне, — заявіў Белаконеў. — Хіба гэта дрэнна?”

Начальнік Генштаба запэўніў, што правядзенне вучэнняў „не нясе ніякай пагрозы ні для еўрапейскай супольнасці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасці”.

БелаПАН