Да АЭС Беларусь будзе прывязана ўсё астатняе жыццё
Былы генеральны дырэктар Нацыянальнага агенцтва па рэгуляванні ў энергетыцы Малдовы Віктар Паўлікаў на сустрэчы з журналістамі распавёў, якія выпрабаванні чакаюць Беларусь пасля будаўніцтва атамнай электрастанцыі.
Віктар Паўлікаў: З аднаго боку, АЭС – гэта добра. Але ёсць і адваротны бок, калі вы прывязаны толькі да аднаго пастаўшчыка (у вашым выпадку – да Расеі). Бо, калі давядзецца праводзіць дэмантаж станцыі, зрабіць гэта з гарантыяй зможа толькі той, хто яе будаваў. Да атамнай энергетыкі вы будзеце прывязаны, як кажуць, усё астатняе жыццё.
РР: Наколькі выгадна для краіны сёння мець уласную АЭС?
Віктар Паўлікаў: Галоўная памылка, якую дапускаюць многія, – гэта тое, што многія вядуцца на бягучы нізкі сабекошт электраэнергіі АЭС. Напрыклад, у Францыі шмат АЭС, якія пабудаваны ў 50-60-я гады. Яны выходзяць са строю, але за ўвесь час работы станцый у сабекошт прадукцыі ніхто не закладваў затраты на яе дэмантаж і ачышчэнне мясцовасці. А зараз прыйшоў такі час. І высвятлілася, што сабекошт дэмантажу проста вялізны! Не закладваючы гэтую суму зараней, знайсці некалькі мільярдаў долараў, калі смажаны певень дзяўбане, будзе вельмі і вельмі складана. Уявіце, што краіна будзе стаяць перад выбарам – альбо грошы, альбо тэрміновы дэмантаж.
РР: Адным словам, атамная электраэнергія не такая ўжо і танная?
Віктар Паўлікаў: Безумоўна, калі туды правільна закладваць усе выдаткі, звязаныя з жыццёвым цыклам АЭС. У той жа Францыі зараз ёсць некалькі закрытых атамных электрастанцый, якія штомесячна абыходзяцца бюджэту ў некалькі мільёнаў еўра. Станцыі, такім чынам, падтрымліваюць у закансервіраваным стане. Яны лічаць, што пакуль так лепш, чым адразу знайсці некалькі мільярдаў на дэмантаж. І гэта французы са сваімі людзьмі, тэхналогіямі, навукай. Што ўжо пра астатніх казаць. Адным словам, як мне падаецца, за атамнай энергетыкай будучыня, але з гэтым трэба быць вельмі асцярожным, пралічваючы ўсе рызыкі. У тым ліку – і фінансавыя.
РР: Гэта вы параілі б і беларускім энергетыкам?
Віктар Паўлікаў: Я б ім параіў адну АЭС пабудаваць з “Расатамам”, а другую з іншым інвестарам. Тады будзе рэальная незалежнасць. Гэта ўсё роўна, калі б у цябе быў гарэм. Не спадабалася адна жонка – пайшоў да іншай. А, калі няма выбару, і ты на 100 адсоткаў залежыш ад аднаго пастаўшчыка, гэта сумна. У такім выпадку ні пра якую незалежнасці і размовы быць не можа.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара