Да чаго прывядзе аб’яднанне штабоў?
Палітык Анатоль Лябедзька вітае аб’яднанне штабоў Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі, але кажа, што гэта толькі першы крок.
Анатоль Лябедзька: Найперш хачу сказаць, што я – абсалютны прыхільнік яднання і лічу, што ўчора быў зроблены першы крок. І тут пытанне: шклянка напалову поўная ці напалову пустая?
Нам патрэбна падштурхоўваць гэтыя каманды да паўнафарматнага аб’яднання. Што мне падабаецца, дык гэта канфігурацыя. Аб’ядноўваюцца тыя, хто з’яўляецца рэальнай альтэрнатывай Лукашэнку. Тыя, хто рэальна сабраў па 100 тысяч подпісаў, і гэта вельмі важна.
Па-другое, сам факт з’яўлення гэтага прыгожага па змесце і форме аб’яднання трапляе ў чаканні соцень тысяч выбарцаў Беларусі.
РР: Вы сказалі, што зроблены толькі першы крок. Што яшчэ неабходна?
Анатоль Лябедзька: Трэба аб’ядноўвацца вакол мандата кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Гэта ёсць інструмент для таго, каб рэальна дасягаць тыя мэты і задачы, якія прадэклараваны. Зараз трэба план дзеянняў, у якім усё будзе распісана па пунктах. Пад гэтым планам павінны падпісацца тры каманды, а можа і большая колькасць, калі мець на ўвазе палітычныя партыі, рухі і грамадскія арганізацыі. Без гэтага дэкларацыя падвісае ў паветра і становіцца звычайным пратаколам аб намерах і пажаданнях. Паўтаруся – патрэбен план канкрэтных дзеянняў.
Таксама я чакаю, што кіраўнікі штабоў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы стануць даверанымі асобамі Святланы Ціханоўскай, і праз гэты механізм будуць кіраваць сваімі камандамі пры рэалізацыі ўзгодненага плана сумесных дзеянняў.
РР: Які рэальны вынік можа дасягнуць гэтае аб’яднанне? Будуць заклікаць галасаваць за Святлану Ціханоўскую?
Анатоль Лябедзька: Хутчэй за ўсё, тут могуць быць дзве стратэгіі: байкот альбо змаганне за электаральную перамогу. Думаю, што ўсё-такі ў нашай сітуацыі трэба было б пакінуць у бюлетэні для галасавання Лукашэнку і Ціханоўскую.
Павінна быць такая чорна-белая сітуацыя, якая азначае, што астатнія ўдзельнікі, калі яны хочуць даказаць, што не спойлеры, мусяць зняцца перад галасаваннем на карысць Святланы Ціханоўскай.
У Святланы няма палітычнага досведу. Але ў яе няма і адмоўнай крэдытнай гісторыі. Крэдытаў не раздавала, палітычных памылак не рабіла. У яе няма палітычных амбіцый, і яна не замахваецца на ўладу. Святлана Ціханоўская хоча вярнуць краіну да той сітуацыі, калі ў людзей ёсць права выбару. Таму людзі будуць галасаваць за альтэрнатыву.
РР: Але на яе могуць ціснуць праз тое, што муж знаходзіцца за кратамі…
Анатоль Лябедзька: Могуць, таму Святлане патрэбна рэальная падтрымка тых жа штабоў Бабарыкі, Цапкалы, палітычных структур. Калі яна будзе адчуваць моц грамадзянскай і палітычнай супольнасці, то гэта дапаможа вытрываць.
Будзе барацьба. З аднаго боку на яе будзе ісці ціск, з іншага – салідарнасць будзе рабіць яе больш моцнай.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя