Да канца года Літва пабудуе сцяну на мяжы з Расеяй



У 2017-ым годзе літоўскія ўлады плануюць скончыць будаўніцтва агароджы на мяжы з Калінінградскай вобласцю, якое пачалося ў 2011 годзе. Пра гэта піша выданне „Lietuvos žinios“.

Будаўніцтва агароджы абыдзецца дзяржбюджэту Літвы ў 3,6 мільёна еўра. Пры гэтым сродкі на будаванне выдаткаваў таксама Фонд грамадзянскай бяспекі Еўразвязу, падкрэсліў міністр унутраных спраў Літвы Эймуціс Місюнас.

Мяркуецца, што сцяна на мяжы з Расеяй „абароніць Літву і іншыя краіны ЕЗ, а таксама іх эканамічныя інтарэсы”.

У загароджу таксама будзе ўмантавана сістэма назірання за мяжой, якую Літва прафінансуе ў наступным, 2018-ым, годзе. Даўжыня сцяны складзе каля 135 кіламетраў. Агульная працягласць сухапутнай мяжы Літвы з Расеяй складае 255 кіламетраў.

Выданне інфармуе таксама, што Літва ўжо пабудавала сцяну даўжынёй 100 кіламетраў на мяжы з Беларуссю. Пры гэтым агульная працягласць мяжы паміж нашымі краінамі складае 600 км.

Беларускае Радыё Рацыя