Да канца вайны ва Украіне полк імя Каліноўскага не будзе займацца палітыкай



Да канца баявых дзеянняў ва Украіне полк імя Кастуся Каліноўскага не будзе займацца палітыкай і ствараць нейкія палітычныя суб’екты. Пра гэта ў стрыме ў тг-канале батальёна „Волат” ПКК распавёў начальнік штабу батальёна з пазыўным „Марк”.

„Палітычныя погляды не мусяць замінаць людзям ваяваць. Не ведаю, падсвядома ці не, але мы нават не размаўляем пра гэта паміж сабою. Гэта не з’яўляецца цяпер істотным, і гэта не мусіць перашкаджаць нам змагацца, — дадае ён. — Ёсць партыі, ёсць палітычныя рухі, да якіх кожны баец мае права далучыцца…”.

„У нас няма ніякай залежнасці ні ад якіх офісаў і ні ад якіх арганізацый. Мы не залежым ад BySOL, ByPOL і г.д., і набор рэкрутаў таксама не залежыць ад іх сістэм.. „, — працягнуў адказваць на пытанні пра сувязі батальёна з палітычнымі структурамі беларускі добраахвотнік.