Да Міколы Аўтуховіча пачалі даходзіць лісты
Ад грамадскага актывіста Міколы Аўтуховіча, які ўтрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ у Менску, нарэшце пасля працяглай інфармацыйнай блакады, пачалі даходзіць лісты.
Таксама на следчыя дзеянні пачалі выклікаць адваката. Стала вядома, што Аўтуховіч цяжка хварэў каронавірусам, яго нават змяшчалі ў шпіталь.
Адзін з лістоў атрымаў праваабаронца, кіраўнік прафсаюзу РЭП Васіль Завадскі. Ён кажа, што ўжо не адзіны і не першы, хто атрымаў ліст ад Аўтуховіча:
– Ён матулі пісаў і яшчэ нейкі сябар атрымліваў лісты. Дарэчы, пра патрэбы Міколы я даведаўся ад яго матулі. Дакладней сястра мне расказала, што ліст прыйшоў, Мікола там просіць. Нам удалося ўжо адну перадачу перадаць. Разам з тым, па незразумелай пакуль мне прычыне, я бачу на сайце „Белпошты”, што ўсе тры мае адпраўленні, якія я на мінулым тыдні адправіў, дзве бандэролі, адзін дробны пакет, вярнуліся назад. Так што выбарачна прымаюць: перадачы, пасылкі, бандэролі.
„Зразумела, што гэта беззаконне. Усе незаконныя дзеянні абскарджваюцца і дакументуюцца. І тыя, хто творыць беззаконні, павінны разумець, што гэта не застанецца беспакараным”, – кажа Васіль Завадскі.
Беларускае Радыё Рацыя